Читать «Паміж "А" і "Б"» онлайн - страница 29

Владимир Георгиевич Машков

— Не, медалі ўручаць, — злуюся я на сябе і на Сёмку.

І раптам я чую музыку. Тую самую, якую грала Іра. “Калі ты не мямля, хлопча, і не баішся загінуць за свабоду, хадзем з намі…”

— Бі іх! — гарлаю я. — Пакажам, што не дарма мы першаразраднікі па боксе! — хлушу я на ўсялякі выпадак, ведаючы, што ніхто мне не паверыць.

Мы ліхаманкава лепім снежкі, але пусціць іх у ход не паспяваем — ворагі навальваюцца на нас. Я адбіваюся, але Марат валіць мяне з ног. Падаючы, я бачу, як мужна б’ецца мой сябар. Сёмку таксама збілі. Ён ляжыць на спіне, увішна круціцца і лупцуе нагамі ўсіх, хто намагаецца да яго падысці.

Я крычу:

— Малайчына, Сёмка! — і бяру з яго прыклад, адбіваючыся нагамі, а потым, злаўчыўшыся, ускокваю і зноў пачынаю калаціць рукамі ўсіх, хто падвернецца.

— Наперад, нашых б’юць! — чую я крык.

Вельмі знаёмы голас, думаю я. І бачу, як з боку дома Гароха бягуць нам на дапамогу хлапчукі.

У гэта час нехта моцна трэснуў мяне па галаве. Але перш чым упасці, паспяваю заўважыць, што на падмогу да нас прымчаліся Гарох і яго хлопцы.

Ну і ну!

Калі я падымаюся, дакладней, калі Сёмка паднімае мяне, гарохаўцы на чале са сваім атаманам вяртаюцца да нас, шумна размахваючы рукамі. “Цудоўнай сямёркі” і след прастыў.

Разгледзеўшы нас з Сёмкам, Гарох і яго хлопцы заміраюць.

— Вось гэта фокус! — здзіўлена прысвіснуў Гарох. — Паглядзіце, каго мы выратавалі?! Нашых галоўных ворагаў!

— Дзякуй вам, хлопцы, — кажа ветлівы Сёмка.

- І стары ліс у пастку трапляе, — разводжу я рукамі.

— А хораша яны вас адпрасавалі. — Гарох з усмешкай узіраецца ў нашы распухлыя фізіяноміі. Яго дружкі насмешліва хіхікаюць.

— Ну, вось што, — я папраўляю шапку. — Канчай гамонку, прыступім да справы. Давайце біцца.

— Айн момант, — падымае руку Гарох. — Вы зараз не ў форме. А мы ўжо адвялі душу. Да таго ж, калі сямёра супраць двух — гэта несумленна, праўда?

— Несумленна, — кажу я, здзіўляючыся словам Гароха.

— Слухайце, — прадае голас Сёмка, — трэба спяшацца. А то яны ўцякуць.

— Ага, — падхопліваю я. — Раз выпадак звёў нас разам, давайце аб’яднаемся і надаём гэтым тыпам як след.

— У іх адна дарога — праз Першамайскую на праспект, — кажа Гарох.

— А там мы іх… — Я сціскаю кулакі.

— Бяжым, — крыкнуў Гарох.

Завулкамі, зразаючы шлях, мы дабіраемся да Першамайскай і ля пераезда наладжваем засаду. Схаваўшыся за плотам нейкай хаціны, чакаем праціўніка.

— Няўжо прайшлі? — хвалююся я.

— Не, вось яны, — шэпча нехта з таварышаў.

“Цудоўная сямёрка” ледзьве не бегма набліжаецца да пераезда. Яны ўвесь час азіраюцца назад: ці няма пагоні? Вось яны амаль побач.

— Давай, — ціха кажу я. І мы з Сёмкам прыўстаём, гатовыя кінуцца насустрач сямёрцы.

— Айн момант, — утрымлівае нас Гарох. Ён дастае з-пад паліто вяроўку, завязвае на ёй пятлю і, моцна размахнуўшыся, кідае самаробнае ласа пад ногі Марату. Марат адразу ляціць на зямлю, і Гарох за адну нагу падцягвае яго да сябе. А мы зрываемся з месца і нападаем на разгубленую і зусім не цудоўную сямёрку.

Праз некалькі хвілін трое самых дужых звязаны па руках і нагах, а чацвёра моляць адпусціць іх дамоў, таму што яны ніколі больш біцца не будуць. І наогул, каб не Марат, яны б ні за што не напалі б на такіх цудоўных хлопцаў, як мы.