Читать «Паміж "А" і "Б"» онлайн - страница 27

Владимир Георгиевич Машков

Крыўдзіць Іру мне не хацелася, і я пайшоў глядзець, як Іра грае, хаця з большай радасцю пагойсаў бы на лыжах.

Нас сустрэла Ірына мама — высокая, худая жанчына ў пярэстым халаце.

— Дабрыдзень! — весела сказаў я.

— Добры дзень, — строга паглядзела на мяне Ірына мама.

— Гэта той самы Валерый, пра якога я табе расказвала, — патлумачыла Іра.

— Здагадваюся, — адказала Ірына мама і хмурна пакасілася на маленькія ручаінкі, што выцякалі з-пад маіх чаравікаў.

Я, канешне, перш чым падысці да Іры, вылецеў у двор і трохі пабегаў туды-сюды. І паспеў запусціць пару снежак высока, да самага даху.

— Зараз, мамуля, — заспяшалася Іра.

І мы з ёй сталі выціраць ногі аб дыванок. Я не вельмі стараўся, але ўсё- ткі, здаецца, паспеў працерці дыванок да дзірак, а Ірына мама ўсё не пускала нас ў пакой. Я хацеў быў павярнуць аглоблі, то бок, папросту кажучы, уцячы на вуліцу, але тут Іра сказала:

— Хопіць.

І пацягнула мяне за рукаў ў пакой, дзе сярод іншай мэблі вылучалася масіўнае, шакаладнага колеру піяніна, усё ў завітушках і карунках. Я на дыбачках прабалансаваў па нацёртым, бліскучым паркеце і паляпаў піяніна па вечку.

— Шыкоўнае!

- Іра проста расквітнела.

— Гэта вельмі каштоўнае піяніна. Такіх цяпер нідзе няма.

Ірына мама пайшла ў іншы пакой, і я зноў прыдбаў дар красамоўства.

- І ты на ім можаш усё, што захочаш, сыграць. Ці толькі па нотах? — спытаў я, развальваючыся з мяккім крэсле.

— Пакуль толькі па нотах, — адказала Іра.

Яна падняла вечка, паклала на падстаўку тоўстую кнігу і пачала яе хутка гартаць. Я прыгледзеўся. На старонках замест звычайных слоў, як у нармальных кніжках, былі чароды нотаў.

— Слухай, — сказала Іра. Яна моцна ўдарыла па клавішах. І я ледзь не падскочыў. Мне здалося, што нехта ляпнуў мяне па плячы: “Хадзем, хлопча, з намі”. Я не паспеў і спытаць: “Куды?”, як музыка мне адказала: “На вайну!” “І калі ты не баязлівец, — казала музыка, — калі ты не баішся загінуць за свабоду, хадзем з намі”.

Я слухаў музыку і баяўся паварухнуцца.

І як звычайна бывае ў такія моманты, раздаўся званок.

— Ах, Марат, — праспявала ў калідоры Ірына мама. — Добры вечар, дарагі. А Ірачка музіцыруе.

— Добры вечар, Алімпіяда Пятроўна, — сказаў нехта. Напэўна, гэты самы Марат.

— Ах, Марат! — усклікнула Іра і ўскочыла з крэсла.

Музыка абарвалася. І мяне ўжо ніхто нікуды не клікаў.

А я нават не даведаўся, як прозвішча кампазітара, які прыдумаў гэтую музыку. Бетховен ці Чайкоўскі?..

I тут увайшла Іра. З кім вы думаеце? З мамай? Ну, канешне, з мамай. Ну, а яшчэ з кім?

З выкрадальнікам марак! Так, з тым самым, якога мы з Сёмкам у адзін цудоўны марозны дзень вучылі быць чалавекам. Вучылі вельмі простым спосабам: “кармілі” яго снегам.

— Я вас пакідаю, маладыя людзі, - між тым сказала Ірына мама.

І адкуль толькі ў яе такі ласкавы голас зявіўся? — мільганула ў мяне ў галаве.

— А ты, Марат, — звярнулася яна да выкрадальніка марак, — неадменна перадай прывітанне маме. Я да вас днямі зазірну.

— Дзякуй, Алімпіяда Пятроўна, — усміхнуўся рабаўнік.

— Вы не знаёмыя? Пазнаёмцеся, — прапанавала Іра, калі яе мама зачыніла за сабой дзверы. Гэта Валерый, мой аднакласнік. Ён жыве ў нашым доме. А гэта Марат. Ён вучыцца ў восьмым класе.