Читать «Паміж "А" і "Б"» онлайн - страница 22

Владимир Георгиевич Машков

— Чакай мяне каля лясочку, там, дзе схіл канчаецца. — Я абярнуўся да Сёмкі. - І без мяне нічога не рабі.

Я ведаў, што па крутым схіле многія баяцца з’язджаць, нават выдатныя лыжнікі. І я вырашыў паспрабаваць вось што.

Я ўзабраўся на горку, і тут мяне пазналі Іра ды іншыя дзяўчаткі.

— Валерый! — узрадавалася Іра. — Дзе ты прападаў?

— Мы з Сёмкам паўтараем пройдзенае, — сказаў я, прыглядваючыся да рабаўніка. Той пагардліва ўсміхнуўся.

— Зубрылы няшчасныя.

Я ледзь утрымаўся, каб не змазаць па яго задаволенай фізіяноміі.

— Між іншым, — я сляпуча ўсміхнуўся, — вельмі лёгка пазнаць сапраўднага зубрылу — ёсць просты спосаб.

— Які? — спытала Іра.

— А вось бачыце схіл? — Я памахаў палкай. — Хто па ім з’едзе, той і не зубрыла. — Я зноў чароўна ўсміхаўся.

Сябры рабаўніка пабляднелі. І ён сам, здаецца, трохі збаяўся.

— Ну, дык хто першы? — спытаў я.

Дзяўчаткі перасталі хіхікаць і пачалі шушукацца

— А гэта не вельмі небяспечна? — занепакоілася Іра.

— Гледзячы для каго, — я з ранейшай усмешкай глядзеў на рабаўніка.

Ён аказаўся смелым хлопцам.

— Я — першы, — сказаў выкрадальнік.

Мы пад’ехалі да накатанай лыжні. Рабаўнік памарудзіў крыху, а тады рэзка адштурхнуўся і паляцеў долу. Над трамплінам ён узняўся як птушка. Калі ён прызямліўся, яго захістала. Але рабаўнік устаяў. І вось ён ужо махаў знізу палкамі і нешта гарлаў.

Сябры выкрадальніка марак трыумфавалі, нібыта гэта яны з’ехалі са стромага схілу.

— Малайчына, — сказаў я.

Ён выдатны лыжнік, гэты рабаўнік. Нават неяк расхацелася яго біць.

— Хто наступны? — ветліва спытаў я.

Сябры рабаўніка адводзілі вочы ад маёй усмешлівай фізіяноміі.

— Я наступны, — сказаў я. Я скаціўся лёгка, плаўна — такія рэчы я раблю проста.

Неўзабаве я быў побач з усмешлівым выкрадальнікам марак.

— Для першага разу някепска, — пахваліў я яго.

— А яны што, баяцца? — спытаў рабаўнік пра сваіх сяброў.

— Дрэйфяць. Хадзем наверх.

Каб зноў трапіць на горку, трэба было абысці лясок, дзе сядзеў у засадзе Сёмка.

Як толькі Сёмка нас убачыў, ён адразу рвануўся да рабаўніка. Той усміхнуўся і зірнуў на мяне. Мой твар быў каменным.

Рабаўнік усё зразумеў.

— Аддай маркі, гад! — закрычаў Сёмка.

— Спакойна, пацярпелы. — Я падняў руку. — Падсудны ўжо раскаяўся і добраахвотна верне нам маркі.

— Няма ў мяне ніякіх марак! — закрычаў рабаўнік. — Чаго прычапіліся?!

— У такі цудоўны сонечны дзень не хацелася б кагосьці біць, — з пафасам сказаў я. — Не, зараз хочацца дэкламаваць вершы. “Мороз и солнце, день чудесный.»

Тут рабаўнік паспрабаваў уцячы. Ён занёс лыжу, каб развярнуцца, і тады я штурхнуў яго. Рабаўнік паваліўся тварам у снег.

Сёмка, які паспеў пазбавіцца ад лыж, ускочыў яму на спіну. Я падаспеў на дапамогу.

— Аддасі маркі? — крычаў Сёмка. — Аддасі, гад?

Ніколі я не бачыў майго сябра такім раз’ятраным.

Рабаўнік паспрабаваў вырвацца, але яму заміналі лыжы, Сёмка і я.

— Не аддам! — закрычаў ён. — Няма ў мяне іх!

— Хлусіш! — сказаў я. Мяне гэты бледны злодзей ужо развар’яваў. Вось сволач, украў у чалавека маркі і не думае сазнавацца.