Читать «Паміж "А" і "Б"» онлайн - страница 23

Владимир Георгиевич Машков

Мы прыціснулі рабаўніка да зямлі і сталі карміць яго снегам. Ён выкручваўся, лямантаваў. Але некалькі порцый халоднага снегу хутка ахаладзілі яго гарачнасць.

— Ладна, аддам. Увечары прынясу ў краму, — нарэшце прамармытаў ён.

Я паматаў галавой.

— Мы зараз устанем і пойдзем разам да цябе дамоў.

Ён марудна пацёгся ўперадзе. Мы з Сёмкам не адставалі. Такім тыпам я ніколі не давяраю.

Рабаўнік жыў недалёка ад парку ў дзевяціпавярховым доме з чырвонымі балконамі і з такой штуковінай на даху, падобнай на птушку, якая прысела адпачыць.

— Пачакайце мяне тут, я зараз вынесу, — сказаў рабаўнік.

— Не выйдзе. — Я прама глядзеў яму ў вочы. — Пакладзі свае лыжы. Сёма іх пасцеражэ, ён хлопец сумленны, не тое што некаторыя. А мы ўдвух пойдзем да цябе.

Калі мы падымаліся на ліфце, я сказаў:

— Калі ты будзеш валяць дурня, мы скажам Сёмкаваму дзядзьку — ён начальнік міліцыі. Зразумеў?

Да выкрадальніка ўсё дайшло. Ён уручыў Сёмку альбом. Мой сябар схапіў яго і, ззяючы, стаў разглядаць маркі.

Я шпурнуў рабаўніку яго лыжы (дарэчы, выдатныя, эстонскія) і даў на развітанне кухталя ў спіну.

— Яшчэ раз пападзешся, пятнаццаці сутак не мінуць. Гэта я табе абяцаю, Валерка Карабухін.

Я паціскаю плячыма

Як толькі празвінеў званок, я схапіў сваю сумку і памкнуўся да дзвярэй.

— Ты куды? — спыталася важатая Кіра. Яна паўстала на парозе і перагарадзіла мне шлях.

Я кінуўся ўбок, але ўцячы не ўдалося.

— Ты куды, Карабухін? — паўтарыла важатая.

— Ды я. — Некалькі секунд я кумекаў, як выкруціцца. — Разумееце. Вы слухалі раніцай радыё?

— Слухала, — адказала важатая Кіра.

— Дык вам, значыць, вядома, што сёння павінна спусціцца на Месяц аўтаматычная станцыя?

— Ну і што з гэтага?

— Як што з гэтага? — шчыра здзівіўся я. — Як гэта без мяне адбудзецца? Я павінен усё бачыць.

— Нічога, — сказала Кіра. — Дзесяць хвілін ты і твая станцыя пацерпяць.

Яна счакала, пакуль я сеў на месца, потым падышла да стала і абаперлася аб яго рукамі.

— Сябры, — сказала важатая Кіра, — пачалася трэцяя чвэрць. Яна самая доўгая, але і самая кароткая, бо калі паспееш выправіць дрэнныя адзнакі, то застанешся на другі год. Мы павінны наладзіць шэфства над вучнямі, што адстаюць.

— А мы дапамагаем адно аднаму, — раздаўся нейчы голас.

— Усе дапамагаеце? — спытала Кіра.

— Усе! — у нашым класе вельмі любяць адказваць хорам.

— Гэта і дрэнна, — настаўленча сказала важатая. — Трэба, каб адзін вучань шэфстваваў над другім і каб адказваў за двойкі таварыша. Давайце прыставім моцных вучняў да слабых. Вось, прыкладам, Карабухін. Ён некуды спяшаецца, давайце пачнём з яго.

— Я пераблытаў, - сказаў я.

— Што ты пераблытаў? — усміхнулася важатая Кіра.

— Станцыя павінна спусціцца на Месяц заўтра, — сярдзіта адказаў я.

— Ну і цудоўна, — сказала важатая Кіра. — Дык каго мы прыставім да Карабухіна?

У класе запанавала магільная цішыня. Я з усмешкай разглядваў таварышаў. Ну, хто на гэта раз наважыцца?

У мінулым годзе мне дапамагала сама Галка Наважылава. Яна ўварвалася ў кватэру як на пажар, на хаду закасваючы рукавы.

— Давай хутчэй пачнём, — сказала яна. — У мяне часу ў абрэз.