Читать «Паміж "А" і "Б"» онлайн - страница 24

Владимир Георгиевич Машков

Я моўчкі паплёўся на кухню, сеў за стол, на якім была навалена груда бульбы, і прыняўся яе абіраць.

— Ты дзе? — Галка ўляцела ў кухню. — А, — яна махнула рукой на бульбу,

— потым зробіш.

Я паматаў галавой:

— Нельга.

— Чаму?

— Сёння ўвечары да нас прыйдуць госці, і мама загадала, каб уся бульба была абрана. Сядай памагай. — І я падаў ёй ножык.

Жвавая Галка схапіла самую вялікую бульбіну і прынялася яе абіраць. Праз некалькі секунд у яе ў руках была ўжо ўбогая мізэрная бульбінка.

— Так справа не пойдзе, — незадаволена сказаў я. — Калі ты будзеш так абіраць, нам прыйдзецца тут тырчаць гадзіны дзве. Ты павольней, спакайней.

Галчынай энергіі хапіла яшчэ на тры бульбіны. А потым яна цяжка ўздыхнула.

— Ты мяне прабач, калі ласка, Але мне трэба на раду дружыны. Я ўжо спазняюся.

— Калі ласка. — Я і не думаў яе затрымліваць. — Прыходзь заўтра.

— Так, так, я прыйду заўтра, — заспяшалася Галка.

Назаўтра яе чакала гара нямытага посуду (“ад гасцей засталося”). Паслязаўтра я сустрэў Галку з анучкай у руках — мы выдатна памылі падлогу. І калі, нарэшце, пасляпаслязаўтра я адчыніў ёй дзверы з малярным пэндзлем у руках і сказаў: “Пафарбуем калідорчык і куханьку, а тады возьмемся за ўрокі”, - Галка не вытрымала. Яна сказала, што больш не можа і хай я займаюся як хачу.

Я быў задаволены.

Наступным мне рашыўся дапамагаць дабрадушны Рыжы Уладзя Шлык.

Я змерыў яго шырокія плечы, зірнуў яму ў сінія вочы і зразумеў, на што ён можа спатрэбіцца.

Нам прывезлі машыну брыкету і звалілі ў двары. Мама непакоілася, як перанесці торф у падвал. Вось я і сказаў маме, што да мяне прыйдзе таварыш і мы з ім хуценька ўправімся з торфам. Так і атрымалася.

Уладзя і не думаў адмаўляцца, ён толькі спытаўся:

— Ну, а потым зоймемся матэматыкай?

— Абавязкова. — Я ўдарыў сябе ў грудзі. — Толькі матэматыкай — чым жа нам яшчэ займацца!

І праца пачалася. Калі з’явілася мама, мы амаль палову брыкетнай кучы перацягнулі ў падвал.

— Малайцы, хлопцы, — узрадавалася мама. — Адпачніце трохі. Я вас зараз кампотам пачастую з піражкамі.

Мы селі на брыкеце і пілі кампот, і елі піражкі, а мама прыгаворвала:

— Які харошы ў цябе таварыш, Валерый. Бяры з яго прыклад.

— Бяру, мама, бяру. — Я жвава каўтаў піражкі і запіваў іх кампотам. Потым падняўся.

— Ну мы, бадай, працягнем.

Дабрадушны Уладзя ўздыхнуў і стаў нагружаць вядро карычневымі брыкецінамі.

Калі звечарэла, уся наша паветка была забіта брыкетам, а яшчэ невялікая куча засталася на двары.

У мяне ныла спіна. Уладзя не мог паварушыць рукамі, так яны балелі.

— Заўтра даб’ём, — я кінуў брыкет у вядро, яно зазвінела.

— Даб’ём, — здрыгануўся Ўладзя.

Назаўтра Ўладзя сказаў, што ў яго секцыя і ён не можа прыйсці цягаць брыкет. Паслязаўтра ён сказаў, што крыху прыхварэў. А вочы яго бегалі і хаваліся ад маіх вачэй.

Я не настойваў. Я зразумеў — і гэты дапамагаць не будзе.

Вось чаму я з такім вясёлым выглядам назіраў за таварышамі. Усе ведалі пра тое, як я сустрэў Галку і Ўладзю, усе яшчэ памяталі пра гісторыю з Эльбрусам і таму маўчалі.

— Дык каго прыставім да Карабухіна? — паўтарыла важатая Кіра.