Читать «Паміж "А" і "Б"» онлайн - страница 20

Владимир Георгиевич Машков

Потым у канікулы можна ўдосталь пакатацца на лыжах і каньках.

А потым заняцца і сур’ёзнымі справамі.

Я яшчэ вам не расказваў, што ў мяне з Сёмкам была страсць — маркі. Адзін час мы ледзь не ссунуліся на іх, гаварылі толькі пра Конга, пра Мадагаскар, пра Бераг Слановай Косці. З што прыйдзецца мы выменьвалі маркі. Спярша кожны збіраў свой альбом, і ў нас трапляліся адны і тыя ж маркі. Але неўзабаве мы аб’ядналіся, а аднолькавыя макі вырашылі як найвыгадней абмяняць.

Я ўжо ахаладзеў да калекцыі, а Сёмка ўсё яшчэ ўздрыгваў, калі бачыў новую марку, і пытаўся ў гаспадара скарбу: “Што ты хочаш узамен?” Я не сумняваюся, што папрасі той у Сёмкі новую кашулю, якую яму ўчора купіла мама, ён аддаў бы не вагаючыся.

Нашы альбомы захоўваліся дома ў Сёмкі, і мой сябар часта бегаў у цэнтр горада, дзе была вялікая кнігарня. У гэтай кнігарні пастаянна збіраўся натоўп, там абменьваліся маркамі.

Аднойчы Сёмка прыбег да мяне вельмі засмучаны:

— У мяне нейкія гады адабралі альбом, а там Конга, Манака. Я гнаўся за імі, яны перамахнулі праз плот і ўцяклі.

А здарылася вось што. Як заўсёды, Сёмка цёрся ў натоўпе хлапчукоў, разглядаючы чужыя альбомы і паказваючы свой.

Да яго падышоў даўгалыгі бледны хлопец і ветліва ўсміхнуўся:

— Мне вельмі даспадобы твае маркі, хлопчык. Хадзем да мяне дамоў. Я пакажу табе свае, у мяне неблагая калекцыя. Я жыву побач, у двары.

Прастадушны Сёмка паплёўся за хлопцам. А хто б не пайшоў? Уласна кажучы, чаго баяцца?

Калі яны мінулі браму, нейкія хлапчукі далі Сёмку падножку, ён расцягнуўся, а альбом упаў у снег. Рабаўнікі схапілі альбом і паімчаліся да плота. Бледны хлопец уцякаў разам з імі.

Пакуль Сёмка ўскочыў, пакуль пералез праз плот, рабаўнікоў і след прастыў.

- І гэта ў самым цэнтры горада! — усклікваў я, мераючы крокамі пакой. — Сярод белага дня! Куды толькі глядзяць дружыннікі!

Сёмка сядзеў у маім крэсле-ложку прыгнечаны. Я зразумеў, што мае словы адлятаюць ад яго, як мяч ад сцяны.

Тады я сказаў:

— Трэба дзейнічаць.

І мы штодзень сталі паяўляцца ў кнігарні. Для адводу вачэй мы бралі альбом з самымі звычайнымі маркамі — іх можна купіць у любым кіёску.

Да нас падыходзілі, уважліва разглядалі альбом, махалі рукамі: “А, лухта”, - і адыходзілі. Нам гэта было на руку. Не прыцягваючы ўвагі, мы ў чатыры вока (два маіх і два Сёмкавых) назіралі за ўсімі, хто ўваходзіў у адны і другія дзверы крамы.

Тры дні не прынеслі нам поспеху. Трэба было мяняць тактыку.

Вось што, — сказаў я Сёмку, калі мы сабраліся ў чацвёрты раз на “паляванне”. — Табе прыйдзецца змяніць знешнасць.

Сёмка здрыгануўся, калі я схапіў яго за нос.

— Увогуле, няблага б падкараціць нос, але гэта нерэальна, — падумаў я ўслых і адпусціў Сёмкаў нос.

Сёмка з палёгкай ўздыхнуў і ласкава пагладзіў нос.

Я яшчэ раз агледзеў Сёмку. Мой сябар, не міргаючы, глядзеў на мяне: што яшчэ я прапаную яму падкараціць?

— Прыйдзецца адмовіцца ад кудлаў, - сумна сказаў я.

Кудлы былі гонарам Сёмкі. Яшчэ ўлетку, калі ён даведаўся, што ў 6 класе можна будзе казыраць прычоскамі, Сёмка стаў любоўна адрошчваць свае валасы. Калі ён з’явіўся 1 верасня, усе ахнулі, асабліва дзяўчаткі.