Читать «Паміж "А" і "Б"» онлайн - страница 21

Владимир Георгиевич Машков

Шавялюра пераўтварыла Сёмку. Цяпер ён быў падобны на ўсіх вялікіх музыкантаў прошлага адразу.

І вось я гляджу Сёмку ў сумныя вочы і кажу:

— Трэба, Сёма, разумееш?

Сёмка шмыгае носам.

- Інакш мы не здабудзем маркі, - настойваю я.

Сёмка рашуча ўстае.

— Хадзем у цырульню.

— Сёма, дазволь мне паціснуць тваю мужную руку, — расчулена гавару я.

З цырульні Сёмка выйшаў хістаючыся і аблізваючы губы. Я чакаў яго на вуліцы.

Сёмка пасунуў на вушы шапку і вінавата ўсміхнуўся:

— Холадна без іх.

Сёмка без кудлаў быў непазнавальны. То бок я яго пазнаў, таму што гэта быў Сёмка-пяцікласнік.

— Гэта нават карысна, — сказаў я. — Стрыжка ўмацоўвае карнявую сістэму.

— Канешне, — бадзёрыўся Сёмка. — Яны пасля гэтага яшчэ лепшымі будуць.

— У сто разоў лепшымі, - горача падтакнуў я.

І вось мы зноў у краме. Сёмка здымае шапку і, астрыжаны нагала, з альбомам у руках, чакае рабаўнікоў. Я, схаваўшы ў каўнер паліто твар, прытаіўся ў куце насупраць. Сёмка павінен мне міргнуць, і тады я нападу на выкрадальнікаў марак.

— А калі іх будзе трое? — расцягвае словы Сёмка.

— Справімся, — кажу я. Як? Я і сам не ведаю. Але галоўнае — быць упэўненым.

І зноў дзень упустую. Выкрадальнік нашых марак не паяўляўся.

— Дарэмна я валасы астрыг, — ные Сёмка, калі мы ўвечары ідзём дадому. Ліхтары ў снежных шапках журліва стаяць уздоўж вуліцы.

- І ўвогуле — канікулы пройдуць, а мы ні разу на лыжах не пакатаемся, — з тугой кажа Сёмка.

— Заўтра робім выхадны, — я гучна ляпаю пальчаткай аб пальчатку. — Паедзем у парк, на горку. А потым працягнем пошукі.

Мароз, сонца, і…

У парку было столькі народу, і ўсе на лыжах, што здавалася, снег будзе расціснуты, утаптаны ў зямлю. Але нічога падобнага не здарылася. Таму што снегу было надта многа. Ніколі яшчэ ў нашым горадзе не было столькі снегу.

Мароз падмаляваў кожнаму лыжніку па румяным яблычку на шчаку. І само сонца было падобнае на сакавітую, крамяную антонаўку.

Мы з Сёмкам, канешне, махнулі на горку.

— Даганяй! — крыкнуў я Сёмку і адштурхнуўся палкамі. Потым сунуў іх пад пахі і панёсся на ўсіх парах. Вецер пеў увушшу.

Унізе я развярнуўся і знерухомеў. Следам за мной скаціўся Сёмка. З-пад яго лыж вырваўся цэлы снежны фантан.

— У-у-х, — сказаў я.

— А-а-х — падхапіў Сёмка.

— О-о-х, — не здаваўся я.

— Ы-ы-х! — паказаў усе зубы Сёмка.

— Хадзем на схіл, — прапанаваў я, калі мы нафыркаліся ўдосталь.

Мы зноў узабраліся на горку, і першай, каго я ўбачыў, была ўсмешлівая Іра.

І іншыя дзяўчаткі з нашага класа. Вы не забыліся яшчэ на маю суседку па парце. Вакол яе, як заўсёды, віліся хлапчукі.

— Валерка, — засыкаў за маёй спінай Сёмка, — вось ён, у жоўтым світары. Дзяўчаткі гаманілі з хлапчукамі і заліваліся рогатам. Бліжэй усіх да Іры стаяў, абапёршыся на кій, рабаўнік марак.

— Дакладна ён? — перапытаў я.

— Дакладна! — закрычаў Сёмка і рвануўся наперад. — Зараз я яму дам.

— Спакойна. — Я спыніў Сёмку. Некалькі хвілін я абдумваў сітуацыю. Побач з рабаўніком былі яго сябры — дужыя хлопцы, яўна з восьмага класа. Трэба было іх раз’яднаць. З трыма нам не справіцца.