Читать «Паміж "А" і "Б"» онлайн - страница 19

Владимир Георгиевич Машков

— Цішэй, — і Галка адгарнула другую старонку майго летапісу.

“16 снежня. На ўроку англійскай у клас заляцела вялізная муха. І адкуль толькі яна ўзялася ўзімку, чорт яе ведае. Спярша муха кружляла вакол Адэлаіды Васільеўны, а потым стала кружляць вакол кожнага вучня. Таму ў гэты дзень ніхто правільна не мог вымавіць слова. Адэлаідзе Васільеўна здавалася, што ўсе зумкаюць, калі трэба шыпець. А ва ўсім вінаватая муха і дзяжурныя, што яе прапусцілі і не вялі з ёй барацьбы”.

Таварышы проста вішчалі ад смеху.

— Але гэта яшчэ не ўсё. — Галка ўзняла руку, заклікаючы да цішыні. — Гэта яшчэ кветачкі, а вось і ягадкі.

“17 снежня. У нашых дзяўчатак не сэрцы, а камяні, а б нават сказаў — камянюкі. На іх вачах гарыць чалавек, а яны хоць бы хны. Не жадаюць падаць руку дапамогі таварышу.

Сёння на ўроку рускай мовы гарэў Міколка Камароўскі. Калі ў яго спыталі, якая розніца паміж дзеясловамі дасканалага і недасканалага віду, ад Міколкі адразу паваліў дым. Ён кідаў красамоўныя позіркі на дзяўчатак, якія, як на ліха, захапілі першыя парты. Але тыя рабілі выгляд, што нічога не заўважаюць.

Адчуваючы, што Міколка гіне, я злітаваўся з яго і прашаптаў з апошняй парты, — ацаніце маю мужнасць! — дзеясловы дасканалага віду — гэта такія, якія дасягнулі дасканаласці, а недасканалага — якія гэтай самай дасканаласці не дасягнулі.

А што было далей, усім вядома: Міколка атрымаў двойку.

Прапаноўваю ўсіх дзяўчатак, якія не выручылі таварыша з бяды, асудзіць — тыдзень не прадаваць ім у буфеце пончыкаў з павідлам”.

Таварышы стагналі з рогату і ледзь не падалі з партаў. Нават Галка смяялася.

Але потым яна сказала:

— Ну, хопіць на гэтым. — І загарнула сшытак.

— Яшчэ, яшчэ! — закрычалі аднакласнікі. Яны стукалі вечкамі партаў і раўлі: “Біс, біс!” Ведаеце, як у тэатры выклікаюць любімага акцёра.

Я зразумеў, што павінен выйсці на сцэну. Я ўстаў і велічна падышоў да дошкі. Пры маім з’яўленні таварышы змоўклі. На іх тварах блукалі ўсменшкі. Яны чакалі, што зараз я адкалю яшчэ якісьці нумар.

— Галя мае рацыю, — сказаў я. — Добрага па трохі. Другая серыя яшчэ не гатовая. Дзякуй за ўвагу.

Я пакланіўся.

Мне заапладзіравалі.

У клас увайшла тэхнічка цётка Шура.

— Што гэта — канцэрт або ў вас мерапрыемства якое?

— Рэпетыцыя, цётка Шура, — усміхнулася Галка.

— Вы рэпеціруйце, канешне, але шэптам, — сказала цётка Шура. — за сценкай дырэктарка ўрок пачала, пачуе — яна вам наладзіць канцэрт.

Так скончылася маё першае выступленне. Калі па шчырасці, я быў задаволены. Такога гарачага прыёму я не чакаў. Праўда, выканаўцы маіх твораў неставала пачуцця гумару, але — някепска і так.

А самае галоўнае — цяпер ніхто не скажа, што я не выканаў піянерскага даручэння.

Не выканаў?

А воплескі?

Вось так.

Сёмка ахвяруе шавялюрай

Што ні кажыце, што вы мне ні даказвайце, а самае цікавае ў школе — гэта канікулы. З якім нецярпеннем чакаеш нядзелі, а канікулы ж — гэта дванаццаць нядзель адразу і запар.

Спярша, канешне, у канікулы трэба выспацца. Дрыхні сабе хоць да дзесяці гадзін, ніхто цябе не раскатурхае з лямантам: “Зноў, лайдак, спазніўся ў школу!”