Читать «Паміж "А" і "Б"» онлайн - страница 17

Владимир Георгиевич Машков

Гарох гэтак сама выразна прыкладае рукі да грудзей: маўляў, ніколі, нізашто, і наогул — пра што гаворка.

— Правальвайце! — камандую я.

Панурыўшыся, Гарох і яго хлопцы брыдуць дадому. Яны зрэдку азіраюцца — ці не стрэлім мы ім у спіну. А мы паспешліва драпаем на паддашак: ад нашых выбухаў вакол узняўся пярэпалах.

На паддашку я пытаюся ў Генкі:

— Ну, як? Па-мойму, гэта не горш за міліцыю?

Генка ўсміхаецца.

— Напэўна.

Я камандую:

— Атрад, стройся!

Калі Сёмка і Генка выцягваюць рукі па швах, я кажу:

— Аб’яўляю ўдзячнасць за бліскучае правядзенне аперацыі “Акбар”. Кот адпомшчаны, мы таксама. Вораг, канешне, моцны і каварны, але я думаю, што ён доўга будзе памятаць наш салют. Ура!

— Ура! — радасна залямантавалі Сёмка і Генка.

А потым мы ўселіся на старой рыжай канапе і Сёмка спытаўся:

— Ген! А як фарбы называюцца, якімі мы вось гэтыя штукі пафарбавалі? Люмі.

— Люмінісцэнтныя, — адказаў Генка.

У руках мы трымалі звычайныя паленцы, якім спрактыкаваныя Генкавы рукі і не вельмі зграбныя нашы прыдалі форму ракет. Нашы “ракеты” зараз былі зусім не страшныя. Яны нават не свяціліся, таму што.

— Таму што, — сказаў Генка, — люмінесцэнтныя фарбы свецяцца толькі ў цемры. А тут лямпачка гарыць.

І тут мы з Сёмкам падняліся і зноў завялі баявы індзейскі танец. А Генка зноў паморшчыўся і сказаў:

— Хлопцы, мне дадому пара. Бацькі, мусіць, непакояцца.

Вось і ўсё. Не, не ўсё. Тая ракета, што ўзляцела ў паветра і паразіла Гароха з хаўруснікамі, была самая што ні ёсць сапраўдная. Яе Генка змайстраваў у гуртку Палаца піянераў.

Канешне, шкада, што ракета загінула. Арыгінальная канструкцыя ў яе была. Але загінула ракета, выконваючы высакароднае заданне. А дзеля добрай справы і памерці не шкада.

Як мяне “ўцягвалі”

— Трэба цябе ўцягнуць, — сказала мне Галка Наважылава.

— Што, што? — здзіўлена перапытаў я.

— Трэба ўцягнуць цябе ў грамадскую працу.

— А-а-а!

— Вось табе піянерскае даручэнне — будзеш весці дзённік. Запісвай, хто што робіць на ўроках і пераменках. Зразумеў? — Галка рашуча трасянула двума вялікімі белымі каснічкамі, падобных на вялікіх белых матылёў.

— Не вельмі, - адказаў я. — А запісваць тых, хто ў буфет ходзіць? І колькі пончыкаў з’ядае, таксама запісваць?

— Не ламай камедыю. — Галка ўдавала з сябе дарослую і любіла гаварыць іх словамі. — У цябе прыгожы почырк, — дадала яна.

Гэта была чыстая праўда. Я вельмі люблю пісаць і старанна выводжу кожную літарку. Мне падабаецца глядзець, як з літар узнікае слова, і гэтае слова нешта значыць, і калі яго хто-небудзь прачытае, то зразумее, што я хачу сказаць. А потым са слоў з’яўляецца цэлы сказ. Не, па шчырасці, мне падабаецца пісаць сачыненні і пераказы. Дыктоўкі я пісаць не люблю — няма калі падумаць, пішы, што скажуць.

Я ўспомніў пра сваё абяцанне дырэктару. Да канца месяца заставалася яшчэ пяць дзён. І я згадзіўся выканаць піянерскае даручэнне.

Некалькі дзён запар на кожным уроку я добрасумленна разгортваў тоўсты сшытак з партрэтам Юрыя Гагарына на вокладцы і пачынаў запісы.

Я запісваў усё, што заўважаў. На пераменках я хадзіў па калідоры, зазіраў ва ўсе куты і пісаў, пісаў, пісаў.