Читать «Паміж "А" і "Б"» онлайн - страница 16

Владимир Георгиевич Машков

Але нам проста шанцавала. Усе гэтыя вечары гарохаўцы невылазна сядзелі дома: напэўна, хакей па тэлевізары глядзелі.

І вось нарэшце ўсё падрыхтавана. Аперацыя “Акбар” уступае ў канчатковую фазу. Сёння на вечар прызначаны бой Гароху і яго сябрыне.

Цямнела рана. Раз, два — і ужо вечар, а ўсяго толькі пяць гадзін.

— Я пайшоў, - кажу я. Сёмка і Генка глядзяць на мяне з захапленнем.

Я іду наўпрост да нашых ворагаў. Я павінен задзерціся з імі, а тады.

— Ты не цягні, - раіць Сёмка, — удар раз і бяжы назад.

— Можа, і зусім біць не трэба, — мнецца Генка. — У нас дастаткова застрашлівых сродкаў.

— Ладна, — згаджаюся. — Я мігам.

Я накіроўваюся да дома Гароха. Іду нетаропка, каб абдумаць план дзеянняў. Уласна, чаго тут думаць?! Я павінен задзерціся з імі, а тады.

Гарохаў хаўрус у поўным зборы.

— Глядзіце, хто да нас заявіўся, — заўважае мяне здаля Гарох. — Пасол не надта братэрскай дзяржавы. Чым магу служыць?

Прыяцелі Гароха заняты сваёй звыклай справаю — прывязваюць драты да дрэў. Рыхтуюцца да вечаровага “палявання”.

— Вось што, — кажу я тонам маёра міліцыі. — Неадкладна канчайце свае хуліганскія выхадкі. Інакш. — я раблю шматзначную паўзу.

- Інакш? — Гарох выдурваецца і прыстаўляе да вуха далонь, як гэта робяць старыя, калі дрэнна чуюць.

- Інакш ты атрымаеш па мордзе, — пераходжу я на звычайную мову.

— Што, што? — усё яшчэ ўдае з сябе глухога старога Гарох.

— А вось што, — я раблю выпад і. успамінаю Генку Правільнага. Стрымліваюся і толькі моцна штурхаю Гароха ў плячо. Той, паслізнуўшыся, падае. Яго хаўруснікі накідваюцца на мяне.

Вывернуўшыся, я імчуся назад, да Сёмкі і Генкі.

— Трымай яго! — гарлае Гарох, што ўжо ўскочыў на ногі.

І хлопцы, цяжка сапучы, нясуцца за мной.

Вось я ўжо на аэрадроме. Зараз, зараз, галубкі.

Ба-бах!

Вось яно. Такога я не чакаў. Кроках у пяці збоку ўзлятае ўверх ракета. І якая! Кожны задзярэ галаву, каб убачыць такую ракету. Яна ўся свеціцца і павольна падымаецца ў цёмнае неба.

Гарох і яго хлопцы, канешне, спыняюцца і задзіраюць галовы. І раптам іх апаноўвае жах. Зіхоткая ракета расколваецца на дзве часткі і імкліва ляціць долу, наўпрост на галовы Гароху і яго “паляўнічым”.

Тыя — бегчы. Куды? Канешне, у розныя бакі. І тут пачынаецца не менш вясёлае: спрацоўвае цэлая сістэма бляшанка з карбідам, якую прыдумаў Генка.

На ракетадроме стаіць суцэльнае: бах-бах-бах, трах-тара-рах!..

Нарэшце, адышоўшы ад страху (бляшанкі з карбідам усё-ткі рэч больш знаёмая), нашы ворагі бягуць да свайго дома. І тут на іх шляху вырастае Сёмка.

— Рукі ўгору! — крычыць ён і дастае з-пад паліто. ракету.

Акурат такую, зіхоткую, як тая, што спалохала гарохаўцаў.

— Рукі ўгору! — крычым і мы з Генкам, дагнаўшы праціўнікаў. У нас у руках гэта жа таямніча свецяцца ракеты. Мы іх трымаем, як аўтаматы.

Гарохаўцы паднімаюць траслівыя рукі.

— Ну што, пускаць? — пытаюся я ў Гароха.

Яго ўсяго перасмыкае:

— Што ты! Мы за мір!

— Ну дык вось! Мы велікадушныя, — стрымана кажу я. — Палонных не бяром. Але калі вы яшчэ раз паўторыце свае штукарствы, то. — Я выразна ківаю на ракеты.