Читать «Паміж "А" і "Б"» онлайн - страница 15

Владимир Георгиевич Машков

— Вось я і кажу: хадзем у міліцыю і раскажам пра ўсё, — паўтарыў Генка, і блакітныя яго вочы заззялі чыстай верай у праўду і справядлівасць.

— Абвяшчаю аперацыю “Акбар”, - урачыста сказаў я, — пачатай.

Аперацыя “Акбар”

— Чаму “Акбар”? — спытаў Генка.

— У гонар твайго гераічнага кацяняці, - патлумачыў я.

— А што гэта будзе за аперацыя? — не адставаў Генка. Як чалавек тэхнікі, ён хацеў адразу ўхапіць сутнасць справы.

Лёгка сказаць — “ухапіць сутнасць”, каля я сам толкам не ведаў, што гэта будзе за аперацыя. Але назва была прыдумана, а гэта ўжо палова справы.

І зноў мы сядзім на паддашку — цяпер утрох: Генку мы ўсё-такі ўгаварылі — і штосілы напружваем мазгі. Ідэі сыплюцца адна за адной.

Спярша — гумарыстычныя.

— Трэба дастаць вялікі слоік, прывязаць да яго Цытруса і пусціць усё гэта на гарохаўцаў, -прапаноўвае Сёмка. — Будуць драпаць не азіраючыся.

Цытрус, якога Сёмка хоча напусціць на Гароха і яго хлопцаў, здаравенны ваўкадаў дзядзькі Васі, гаспадара вялізнага саду. У яго яблычка не выпрасіш, не тое што сабаку.

— Тады ужо лепей слана пусціць, — нязграбна шучу я толькі для таго, каб сказаць хоць слова.

Потым з’яўляюцца сур’ёзныя ідэі. Іх, канешне, прапаноўвае Генка.

— Сябры, — кажа ён, — мы ў гуртку нядаўна змайстравалі пяць ракет.

І тут Генка паведамляе такое, што мы з Сёмкам радасна ўскокваем і пачынаем таньчыць вакол старой канапы, на якой сядзіць Генка. Мы таньчым баявы індзейскі танец. Мы не ведаем, ці правільна ён атрымоўваецца, таму што ніводнага індзейца на свае вочы не бачылі, і наогул у нас з танцамі нелады. Але мы ведаем адно — танцаваць трэба ўрачыста, з каменнымі тварамі, зрэдку скаланаючы паветра ваяўнічымі клічамі.

— Трымайся, Гарох! Страла праткне тваё подлае сэрца! — першым скаланаю паветра я.

— Ты вялікі, Генка, канструктар маланак! — выгуквае Сёмка.

Генка соўгаецца на канапе і моршчыцца.

— Хлопцы, мне дадому пара. Бацькі хвалююцца. Заўтра пасля ўрокаў пачнём.

Цвярозы голас нашага сябра ператварае нас з індзейцаў у шасцікласнікаў, і мы расстаёмся да заўтра.

Вы, сябры, канешне, хочаце даведацца, што за ідэю прапанаваў Генка Правільны, калі мы, людзі ўвогуле сур’ёзныя, пусціліся ў скокі. Вы не крыўдуйце, сябры, хутка я вам адкрыю ўсе сакрэты. Але не зараз, а трохі пазней. Таму што вам проста нецікава будзе чытаць далей.

Такім чынам, назаўтра на аэрадроме Генкі Правільнага, які быў перайменаваны ў ракетадром “аа” (як вы зусім правільна здагадаліся — аперацыя “Акбар”), пачалася таемная, нябачная падрыхтоўка. Мы працавалі вечарамі, каб Гарох і яго хлопцы нічога не заўважылі. Наш ракетадром быў зусім блізка ад іх дома — усяго метрах у ста ці трохі далей. І таму хто-небудзь з нас — або Сёмка, або я — вартаваў каля дома Гароха, каб, калі хто з’явіцца, папярэдзіць таварышаў.