Читать «Паміж "А" і "Б"» онлайн - страница 14

Владимир Георгиевич Машков

У дзень выпрабаванняў двор імгненна пусцеў, і наставала аглушальная цішыня. Таварышы імкнуліся на Генкаў аэрадром. Генка ў такія хвіліны як быццам нікога не заўважаў. А можа, і напраўду яму ні да каго не было справы. Ён бачыў толькі свае мадэлі.

Генка станавіўся ў цэнтры кола. У руцэ ён трымаў вяровачку, да якой асцярожна прывязвалі новенькі беленькі самалёцік. Мадэль была ў руках у Мішкі — сябра і памочніка Генкі.

— Давай! — крычаў Генка.

Мішка заводзіў маторчык. Самалёт некалькі імгненняў чхаў і фыркаў, як прастуджаны першакласнік, а тады з лёгкім зумканнем пачынаў апісваць колы над пусткаю.

Генка ледзьве прыкметным рухам кіраваў мадэллю.

Вось самалёт падымаецца высока, і мы задзіраем галовы, каб яго ўбачыць. А вось ён рэзка зніжаецца, зараз, здаецца, разаб’ецца на дробныя кавалачкі. Але не — зноў нясецца, як жывы.

Мы падкідваем шапкі ўгору: “Ура!”

Я таксама рады: “Малайчына, Генка!”

Зрэдку самалёт падаў. Тады Генка быў суровы, ён камандаваў гучна і рашуча. І ўсе былі радыя выканаць любы яго загад. Нават я.

І вось самалёт зноўку над пусткай, над нашымі задзёртымі ў неба захопленымі тварамі.

Неўзабаве выпрабаванні скончыліся. Генка забірае мадэль і нясе яе ў Палац піянераў. Хлопцы праводзяць яго пашанотным натоўпам. І зноў пра Генку нічога не чуваць — да наступных выпрабаванняў.

— Давай паспрабуем, — не адстае Сёмка. — Гароху трэба адпомсціць як мае быць.

Я згаджаюся, таму што сам нічога не магу прыдумаць. Мы сядзім з Сёмкам цэлую гадзіну, а ў галаве ніводнай цікавай думкі. Хіба гэта цікавая думка — пайсці і пакалаціць Гароха за яго штукі? А калі ён дасць здачы. Кулакі ў яго будзь здароў! Дый сябрукі ў Гароха — дужыя хлопцы.

Мы спускаемся ўніз з паддашка.

— Слухай, Сёма, а навукоўцы, якія вынаходзяць нешта ці адкрываюць, таксама так здорава думаюць, як мы, ці не?

— Не ведаю, — шчыра кажа Сёмка. — Напэўна, гэтак жа, як і мы.

Мы выходзім у двор і тут жа натыркаемся на Генку Правільнага.

Генка ледзь стрымліваецца, каб не разрумзацца, як тая дзяўчынка. Да грудзей ён прыціскае вогненна-рыжае кацяня па клічцы Акбар. У Акбара адарваны кавалак вуха, панылая морда ў крыві.

— Каб я ведаў, хто гэта зрабіў, я б з ім пагаварыў, я б яму паказаў!..

У Генкі такі настрой, што з’явіся зараз крыўдзіцель яго Акбара, Генка парве яго на шматкі.

Ён ішоў з Палаца піянераў. І раптам пачуў выбух і адчайны кашэчы крык.

— Ну нібы дзіця малое крычыць, — расказвае Генка. — Я адразу падумаў, што гэта Акбар, напэўна, з ім нешта здарылася. Падбег да паветкі, а кацянё ляжыць на даху і мяўкае. Жаласна так мяўкае. Каб я ведаў, хто гэта — Генка ўвесь кіпеў.

Я адразу зразумеў, што гэта штукарствы Гароха і яго хаўруснікаў.

— Гэта Гарох, — сказаў я.

— Канешне, Гарох, — пацвердзіў Сёмка.

— Гарошка? — Перапытаў Генка. — Гэта зрабіў Гарошка? Так хадзем хутчэй і заявім у міліцыю.

Я ўзняў рукі ўгору і выразна паглядзеў на Сёмку. “Ну што я казаў, гэта ж Генка Правільны, хіба ён здатны помсціць, як сапраўдны мужчына!”

Але Сёмка не адчайваўся:

— Паслухай, Гена. Гарох і яго хлопцы здзекуюцца не толькі з твайго ката. Яны вось што прыдумалі. Працягваюць над тратуарам дрот, танюткі, каб не бачна было. Адзін канец прывязваюць да дрэва, другі адводзяць у вароты. А тады чакаюць. З’явіцца бабулька, яна нацягнуць дрот, раз — і бабулька на тратуары. А ўчора і мы з Валеркам трапіліся на іх вуду. Цяпер галалёд пачаўся, ты разумееш, чым гэта пагражае?