Читать «Паміж "А" і "Б"» онлайн - страница 13

Владимир Георгиевич Машков

Я проста ўспацеў ад таго, што стараўся ўсё ўбачыць. Я вырашыў, што буду глядзець толькі на Сцяпана Аляксандравіча.

Не варушачыся, я слухаў настаўніка, і тут над маім вухам раздалося:

— Ах! Снег растаў. Як шкада.

Я зірнуў у акно і абамлеў. Снег нібы карова языком злізала. Толькі брудныя струменьчыкі цяклі па асфальце. Я рэзка павярнуўся да маёй суседкі — што яна разумее, гэтае дзеўчынё, у першым снезе! Але твар у Іры быў нейкім задумлівым і сумным.

Пасля ўрокаў аказалася, што Іра жыве ў адным доме з намі. І мы ўтраіх — я, яна і Сёмка — патупалі па вуліцы.

— Мне так не падабаецца гэтае надвор’е, — цягнула новенькая. — У нас у Сібіры ведаеце якая зіма! Мароз такі, што птушкі на ляту замярзаюць.

— У нас таксама неблагія зімы, — суцешыў Сёмка Іру. — Праўда, Валерка?

Ён ішоў з новенькай наперадзе, а я за імі, і таму Сёмка ўвесь час абарочваўся.

- І на лыжах вы катаецеся? — спытала новенькая.

— Яшчэ як, — шумна выдыхнуў Сёмка. — Асабліва Валерка файна катаецца. Праўда, Валерка?

Я яшчэ раз змог палюбавацца на дабрадушную Сёмкаву фізіяномію. Іра толькі злёгку павярнула галаву.

— Да пабачэння, хлопчыкі, - сказала яна каля дома. — Да заўтра.

— Да пабачэння, — таропка сказаў Сёмка.

Я злёгку нахіліў галаву. Я памятаў, што ў нейкім фільме так горда развітваўся адзін граф. Не ведаю чаму, але мне раптам захацелася паказаць, што я таксама нешта цямлю ў гэтых самых. велікасвецкіх манерах.

Новенькая паглядзела на мяне доўгім паглядам, усміхнулася і ўбегла ў пад’езд.

— Якая дзяўчынка! — Сёмка закруціў галавой. — Яна ў 25-й кватэры жыве. У яе бацька маёр.

— Ужо паспеў усё выведаць? — сярдзіта спытаў я. — Может, ужо і закахаўся? — Не ведаю чаму, але Сёмка мяне сёння злаваў.

— Выдумваеш усялякую лухту, — пакрыўдзіўся Сёмка. Ён пачырванеў і яшчэ мацней закруціў галавой.

— Ладна. — Я ляпнуў яго па плячы. — Прыходзь увечары на паддашак. Справа ёсць, сакрэтная.

Аэрадром Генкі Правільнага

— Без Генкі Правільнага нам не абысціся, — сказаў Сёмка.

— А ну яго, зануду, — паморшчыўся я.

Мы сядзелі на паддашку і абмяркоўвалі важную справу.

— Генка штосьці прыдумае, — настойваў на сваім Сёмка, — такое, разумееш, эфектнае.

Генку Ракіціна ў нашым двары празвалі Правільным за тое, што ўсё на свеце ён робіць правільна. Ён ніколі не зробіць такога, за што можа добра ўляцець.

Збіраемся мы з хлопцамі залезці ў яблыкі да суседа. Генка ные: “Не, хлопцы, гэта нядобра, я лепш дадому пайду”.

Або дамаўляемся аддубасіць скаржніка. Генка зноў за сваё:

— Не, хлопцы, чалавека трэба спярша словамі пераканаць, а потым ужо гэтымі, кулакамі.

А што скаржнік даўно не чалавек і, можа, ніколі не быў чалавекам — гэта яму няўцям.

І ўсё-такі Генка Правільны быў адзіным хлапчуком у нашым двары, каму я іншым разам зайздросціў. Раз у месяц. А можа, і радзей. Гэта здаралася, калі Генка з’яўляўся ў двары з мадэллю самалёта пад пахай. Генка займаўся ў Палацы піянераў і ўжо няблага канструяваў розныя мадэлі.

Побач з нашым дваром за плотам пачыналася пустка. Там Генка наладзіў выпрабавальны аэрадром для сваіх мадэляў.