Читать «Паміж "А" і "Б"» онлайн - страница 12
Владимир Георгиевич Машков
Я падышоў і абняў яе за плечы.
— Усё будзе добра, мама. Вось паглядзі — новыя крыжаванкі. Ты іх яшчэ не разгадвала.
— Якія? — страпянулася мама.
Яна тут жа ўнурылася ў крыжаванкі.
— А я буду рабіць урокі, мама, — заклапочана ўздыхнуў я. — На заўтра процьму задалі.
— Так, так, рабі ўрокі, - не адрываючыся ад крыжаванак, прамармытала мама. Потым яна закінула галаву і рассмяялася: — Зноў падкупіў мяне?
— Але ты і праўда любіш разгадваць крыжаванкі. — Я таксама ўсміхнуўся.
— Люблю, люблю. Рабі ўрокі, не адрывайся.
Колькі часу мы маўчым. Я спрабую разабрацца ў задачцы, а мама ў крыжаванцы.
— Прабач мяне, Валерый, — кажа мама. — Як называецца прыбор, што вызначае хуткасць пад’ему і спуску самалёта? З дзевяці літар.
— Не ведаю, — я пацепваю плячыма.
— Так, вельмі цікавыя крыжаванкі, - кажа мама і ідзе на кухню. Я слухаю, як яна стукае каструлямі, і думаю, што сапраўды ўсё будзе добра. Я пачну добра вучыцца, стану менш валяць дурня, і наогул — хутка зіма.
Што ўмее новенькая
Я велімі люблю гэта. Прачнешся, зірнеш раніцай у акно, а ў двары ляжыць снег. Уначы выпаў. Учора яшчэ была слота, гразь, дождж ішоў, а сёння ўсюды снег.
І ты ідзеш па снезе і асцярожна ставіш ногі, але не таму, што баішся запэцкацца, як тады, калі ты тупаеш па калюжынах, а таму, што гэта першы снег і з ім трэба быць асцярожным.
Часта так здараецца, паляжыць снег пару гадзін, а потым знікае, быццам яго і не было. І становіцца так сумна, быццам ты сябра страціў ці ножык, выдатны ножык прамяняў на якую-небудзь лухту. Таму трэба глядзець у абодва акны нашага класа, каб не прамаргаць той хвіліны, калі пачынае раставаць першы снег. Таму што калі ты гэта бачыш, ты адчуваеш, што снег яшчэ вернецца. Снег хітруе, праз два дні ён зноў выпадзе, нікуды не дзенецца.
Але сёння мне прыходзілася туга. Я павінен быў назіраць у абодва акны за снегам, і яшчэ глядзець на Сцяпана Аляксандравіча, які тлумачыў новы ўрок, і на маю суседку па парце Іру Галубіцкую.
Яна з’явілася ў нашым класе толькі сёння. Яе прывяла Лідзія Іванаўна. Новенькая ўвайшла ў клас так рашуча і смела, што атрымалася, быццам не яе прывяла Лідзія Іванаўна, а яна прывяла Лідзію Іванаўну.
— Вось, сябры, новенькая, — сказала наша класная. — Яна будзе вучыцца з вамі. Завуць яе Іра, прозвішча Галубіцкая. Іра — выдатніца і добрая спартсменка. У яе разрад па гімнастыцы.
- І яшчэ я граю на фартэп’яна, — ганарліва сказала новенькая.
— Правільна, і яшчэ Іга грае на фартэп’яна, — паўтарыла Лідзія Іванаўна.
— Ого! — падумаў я ўслых.
— Што ты гэтым “ого” хочаш сказаць, Карабухін? — назадаволена спытала класная.
— Я хацеў спытацца, калі мы можам паглядзець, як яна грае, — сказаў я.
— Ты, напэўна, хлопчык, хочаш даведацца, калі вы зможаце пачуць, як я граю, — з’едліва спытала новенькая.
— Пачуць я магу і па радыё, а я ўбачыць хачу, — не здаваўся я.
— Хопіць, Карабухін, — абарвала мяне класная. — Каб ты найменш балаболіў, я пасаджу да цябе Іру.
Вось так аказалася ў мяне суседка.
— Перастань зіркаць па баках, Карабухін, — пачуў я голас Сцяпана Аляксандравіча і ачуўся. — Зноў потым будзеш казаць, што нічога не зразумеў.