Читать «Незвычайнае падарожжа ў краіну ведзьмаў» онлайн - страница 9
Алесь Бадак
Калі Белая Варона вярнулася з невялікім вядзерцам і вяроўкай, калодзеж быў выкапаны.
— Ваша Вароніна Вялікасць, цяпер мы можам ісці? — з надзеяй спытала ў яе Карына і пачула, як Граня насмешліва фыркнуў. Дзіўна, што ён яшчэ столькі часу цярпеў і не кінуўся на Варону з кулакамі ці яшчэ чаго-небудзь не вытварыў.
— Так і быць, я адпускаю вас,— велікадушна сказала Валадарка Краіны Сонечных Зайцоў, некалькі разоў абышоўшы калодзеж. Пры гэтым яна пастаянна спынялася і зазірала ў яго, быццам баялася, што вада ў ім можа знікнуць.
— Тады Вы, можа, падкажаце, як нам трапіць у Краіну Ведзьмаў? — зноў спытала Карына.
Белая Варона здзіўлена ўтаропілася на дзяўчынку.
— Жудасная краіна,— прахрыпела яна.— I, на шчасце, яна не мяжуе з маёю краінай. Але адразу за гэтым полем пачынаецца краіна Далінія. Спытайце ў далінцаў, яны хоць і нікчэмныя стварэнні, аднак маюць вушы, вочы і нават крышку мазгоў. Яны раскажуць вам, як трапіць да ведзьмаў.
Развітаўшыся з Белай Варонай і сонечнымі зайцамі (па-праўдзе, развіталася адна Карына, Граня толькі нешта пабубніў сабе пад нос), падарожнікі пайшлі далей.
— Ты так сур'ёзна размаўляла з гэтай Варонай, што, пазіраючы на цябе, можна было са смеху парвацца,— сказаў Граня.
— А як я, па-твойму, павінна была размаўляць з Валадаркай краіны? — паціснула плячыма Карына.
— Валадаркай! — перакрывіў яе Граня.— Звычайная хлуселька.
— Калі б яна не хлусіла, то, можа, так і была б заўсёды звычайнай белай варонай, і ніхто б яе не слухаўся,— задумліва заўважыла Карына і паглядзела на букет, які Варона дазволіла дзяўчынцы ўзяць з сабой.— Затое яна так любіць кветкі і хоча засеяць імі ўсю Краіну Сонечных Зайцоў!
6. НА ЧУЖЫМ ГАРЫШЧЫ
За полем з блакітнымі кветкамі рос рэдзенькі лясок, які падарожнікі прайшлі за некалькі хвілін. З другога боку да яго падступалася бяскрайняя даліна. У даліне, непадалёку ад лесу, стаяў невялікі, круглы, як труба, домік з разнымі размаляванымі вокнамі, з дахам, падобным на перакуленую глыбокую талерку.
— Калі ў гэтым доме і не ведаюць, як трапіць у Краіну Ведзьмаў, то, можа, нас хоць чым-небудзь пачастуюць,— з надзеяй сказала Карына.— Ніколі не адчуваеш сябе такой галоднай, як тады, калі няма чаго з'есці.
Падарожнікі падняліся на маленькі драўляны ганачак і пастукалі ў маленькія круглыя дзверы. Прайшла хвіліна — ім ніхто не адказаў.
— Ну вось і паелі, і даведаліся, як ісці ў Краіну Ведзьмаў,— змрочна сказаў Граня.
— А можа, нас проста не пачулі? — Карына ўспомніла, як яна трапіла ў хатку знахаркі, і, націснуўшы на ручку, легка піхнула дзверы. На радасць падарожнікам, дзверы адчыніліся.
Карына і Граня пераступілі парог і апынуліся ў невялікіх сенцах — пустых, калі не лічыць вузкай і на выгляд не вельмі надзейнай драўлянай лесвіцы, якая падымалася да круглай дзіркі ў столі.
— Добры дзень! — гучна сказала Карына.— Ці ёсць хто-небудзь дома?
Угары пачуўся шоргат, аднак з адказам там не спяшаліся.
— Па-мойму, нас не чуюць.— Карына счакала яшчэ хвіліну і пачала асцярожна ўзбірацца па лесвіцы, якая пад ёй прагнулася так, што, здавалася, вось-вось зломіцца. Як толькі дзяўчынка паднялася, услед за ёй палез і Граня. Падарожнікі апынуліся на гарышчы, заваленым рознымі скрынкамі і лахмоццем, і са старым куфэркам пасярэдзіне.