Читать «Незвычайнае падарожжа ў краіну ведзьмаў» онлайн - страница 11

Алесь Бадак

Продкі Ліна выконвалі свае абавязкі спраўна. I Урсула аднойчы ўзнагародзіла іх чароўным посахам, упрыгожаным залатымі каменьчыкамі. З дапамогай гэтага посаха можна было вельмі хутка перамяшчацца ў прасторы.

Падарунак Урсулы аказаўся якраз дарэчы. Далінія ў той час была вялікай краінай, а ў вялікай краіне не так і проста вызначыць, якое надвор'е патрэбна ў розных яе частках. Але варта павярнуць на чароўным посаху адно з сініх колцаў па гадзіннікавай стрэлцы, стукнуць посахам тры разы — і ты ўжо ў іншым канцы краіны.

Падарунак феі перадаваўся з пакалення ў пакаленне як самае каштоўнае, што было ў доме чараўнікоў. I калі на свет з'явілася мама Ліна, залаты посах павінен быў дастацца ёй, як толькі яна вырасце.

А пакуль — пакуль ёй нічога не гаварылі пра яго і хавалі посах у шуфлядзе старэнькай шафы. Вы спрабавалі што-небудзь хаваць у шуфлядзе шафы? Вядома, не! Да гэтага могуць дадумацца толькі дарослыя, якія чамусьці лічаць, быццам яны лепшыя хавалыпчыкі ў свеце. Але вы ж ведаеце, што проста смешна хаваць што-небудзь у шафе, калі ў доме ёсць гарышча!

Таму аднойчы здарылася тое, што і павінна было здарыцца. Калі бацькі мамы Ліна адлучыліся па сваіх справах, дзяўчынка і выцягнула посах з шуфляды.

Праўда, яна не ведала, што гэта чароўны посах — пагуляла з ім і кудысьці закінула. А тут, як на бяду, ураджай у краіне ўжо быў сабраны, і чароўным посахам карысталіся не дужа часта — хапіліся яго толькі праз тыдзень.

Маленькая віноўніца прызналася, што знайшла яго ў шафе, але куды дзела, успомніць так і не змагла.

Урсула, калі даведалася пра гэтае здарэнне, вельмі раззлавалася і пазбавіла бабулю і дзядулю Ліна дару кіраваць надвор'ем, а прызначыла іх захавальнікамі скарбаў. Вядома, праца таксама крышку чароўная, аднак не такая цікавая.

З таго часу фея пачала сама кіраваць надвор'ем у краіне, але спраў у яе заўсёды было шмат, і яна пастаянна забывалася то паслаць хмары, то разагнаць іх, і тады ў Далініі або некалькі тыдняў стаяла сухмень, або ліў дождж.

Аднак далінцы хоць і бурчэлі на кепскае надвор'е, праз гэта не сталі менш любіць сваю валадарку — усё роўна яна была вельмі добрай і справядлівай феяй.

Заканчваючы расказваць гісторыю з чароўным посахам, Лін з палёгкай уздыхнуў:

— А сёння, зусім выпадкова, я знайшоў яго тут, на гарышчы, пад куфэркам. Мне трэба хутчэй аднесці посах нашай валадарцы — магчыма, тады яна даруе нашаму роду і зноў прызначыць нас Галоўнымі Кіраўнікамі Надвор'я. Вось чаму я не магу зараз паказаць вам, як перабрацца цераз рэчку ў Краіну Ведзьмаў. Мне вельмі хочацца трапіць да Урсулы раней, чым вернуцца мае бацькі.

— А дзе твае бацькі? — пацікавілася Карына.

— Закопваюць скарбы. Толькі...— Лін цяжка ўздыхнуў, яго настрой рэзка змяніўся,— баюся, чароўны посах нам цяпер не вельмі спатрэбіцца.

— Чаму? — здзівілася Карына.

— А, — Граня паспешна выгукнуў:

— Тады аддай яго мне! Ён мне, ведаеш, як спатрэбіцца!

— Гэта раней наша краіна была вялікая,— пачаў тлумачыць Лін.— Але некаторыя далінцы палічылі, што Урсула прымушае іх залішне многа працаваць. Яны сталі пагаворваць, што фея магла б зрабіць так, каб на нашых агародах круглы год усё расло само па сабе, а нам заставалася б толькі сабраць ураджай. Спачатку такіх далінцаў было няшмат, але яны падбухторвалі іншых супраць феі. I калі незадаволеных аказалася некалькі соцень, яны накіраваліся да замка Урсулы, каб выказаць ёй свае патрабаванні. Вядома, Урсула магла пакараць непаслушнікаў, але яна зрабіла па-іншаму: тым, хто не хацеў працаваць, выдзеліла частку Далініі, дзе яны маглі жыць па сваім разуменні. Ім забаранялася толькі адно — пакідаць сваю тэрыторыю. Непаслушнікі аказаліся такімі гультаямі, што нават не сталі апрацоўваць зямлю, на якой пасяліліся, і яна пачала зарастаць лесам.