Читать «Незвычайнае падарожжа ў краіну ведзьмаў» онлайн - страница 10
Алесь Бадак
— Тут ёсць хто-небудзь? — спытала Карына, азіраючыся па баках.
З-за куфэрка паказалася смешная маленькая галава і спалохана спытала:
— Вы хто?
— Не бойся,— паспешна адказала Карына,— мы проста хацелі даведацца, як адсюль трапіць у Краіну Ведзьмаў.
— У Краіну Ведзьмаў? — здзіўлена перапытала смешная галава і схавалася за куфэркам.
Неўзабаве адтуль выйшаў маленькі чалавечак ростам з паўметра, вушасты і з такімі доўгімі рукамі, што маленькія кішэні на яго штанах давялося прышываць ніжэй каленяў. У чалавечка былі вялікія вочы, нос нагадваў бульбінку, а рот ён меў такі шырокі, што здавалася, быццам чалавечак увесь час усміхаецца.
— Першы раз бачу людзей, якія шукаюць дарогу ў Краіну Ведзьмаў,— прызнаўся ён.
— Ды мы не па сваёй ахвоце туды ідзём,— сумна ўсміхнулася Карына і, пакуль Граня з цікаўнасцю разглядаў дзіўнага чалавечка, расказала пра мэту іх падарожжа.
— Я ведаю, дзе жывуць ведзьмы,— уважліва і з нязменнай усмешкай на твары выслухаўшы дзяўчынку, прамовіў чалавечак.— Нашу краіну з іхняй раздзяляе рака. Праўда, праз яе няма ніводнага маста, бо ні ў каго яшчэ не з'яўлялася жадання пабываць на тым баку, але я ведаю на ёй усе брады.
— Значыць, ты дапаможаш нам? — узрадавалася Карына.
— Мне гэта няцяжка,— паціснуў плячыма чалавечак.— Толькі вам давядзецца крыху пачакаць.
Ён палез у куфэрак і дастаў аксамітавы халат, упрыгожаны дробненькімі брыльянтамі. Накінуўшы халат на плечы, з гонарам спытаў:
— Ну як?
— Хоць сёння ў цырк,— ледзь не пырснуў са смеху Граня.
Чалавечка, і праўда, можна было прыняць за якога-небудзь маленькага фокусніка альбо клоуна.
Спалохаўшыся, што ён можа пакрыўдзіцца (хоць, пагадзіцеся, цікава было б паглядзець на пакрыўджанага чалавека, у якога з твару не сыходзіць усмешка), Карына паспешна сказала:
— У гэтым халаце ты падобны на чараўніка.
— Праўда? — узрадаваўся чалавечак і нечакана дадаў: — А я і ёсць чараўнік.
7. ГІСТОРЫЯ З ЧАРОЎНЫМ ПОСАХАМ
Карантышка скінуў з сябе халат, зноў зазірнуў у куфэрак і дастаў невялікі — якраз пад яго рост — посах, усыпаны залатымі каменьчыкамі.
— Вось,— з гонарам прамовіў чалавечак, паказваючы залаты посах гасцям.
I ён расказаў Карыне і Граню дзіўную гісторыю свайго роду, якую нават Граня выслухаў уважліва, і на яго твары не было відаць і ценю сумнення ў яе праўдзівасці.
Аказалася, карантышку завуць Лін, а краіна, у якую трапілі Карына і Граня, называецца Далінія. Усе продкі Ліна былі чараўнікамі. Ну, не такімі, вядома, як фея Урсула — галоўная і самая магутная чараўніца Далініі. Але сёе-тое, напрыклад, паслаць на зямлю дождж альбо снег, ім нічога не значыла. Дзіва што, продкі Ліна былі Галоўнымі Кіраўнікамі Надвор'я ў Далініі. Ясны дзень ці пахмурны — гэта залежала ад іх. Што і казаць, праца вельмі адказная, бо Далінія — краіна далінаў, амаль усе жыхары яе земляробы; не ўгадаеш з надвор'ем — прыбавіш ім лішняе працы.