Читать «Незвычайнае падарожжа ў краіну ведзьмаў» онлайн - страница 8

Алесь Бадак

Аднак сонечны заяц не паспеў дагаварыць, як у небе з'явілася вялікая Белая Варона.

— А, папаліся, нягоднікі! — хрыпла закрычала яна і стала кружыцца над падарожнікамі, апускаючыся ўсё ніжэй і ніжэй.

Сонечны заяц закалаціўся ад страху, ціха паўтараючы адно і тое ж: "Ой, што будзе! Ой, што будзе!"

Граня сачыў за Белай Варонай, разявіўшы рот, а Карына звярнулася да яе з усёй ветлівасцю, на якую была здатная:

— Прабачце, калі ласка, я не ведала, што гэта Вашы кветкі.

— Яна не ведала! — з'едліва пракрычала Белая Варона.— Вы толькі паслухайце: яна, аказваецца, не ведала! А можа, ты думала, што гэта твае кветкі?

— Не, вядома.

— Чаму ж ты тады паквапілася на чужое?!

Карыне так і хацела сказаць, што каму-каму, а варонам усё ж трэба было б памаўчаць пра "чужое", але як-ніяк над ёй кружылася ўладарка цэлай краіны, і дзяўчынка спакойна прамовіла:

— Прабачце, але ж Вашы кветкі праз некалькі тыдняў усё роўна завянуць.

Белая Варона нарэшце перастала кружыцца і апусцілася на поле крыху наводдаль Карыны і Грані.

— Вось,— гнеўна прахрыпела яна,— гэта і будзе вашым пакараннем! Вы пойдзеце... не, адзін з вас пойдзе ў суседнюю краіну па ваду, а другі застанецца тут. Пасля наадварот. I так — пакуль не пальеце ўсё поле.

— Ага, разагналіся! — чмыхнуў Граня.— Ды я зараз... Але Карына тузанула яго за руку, не дала дагаварыць.

— Вы мудрая Варона, Вы валадарыце цэлай краінай,— пачцівым тонам звярнулася яна да птушкі,— і павінны разумець, што нават калі мы пальём Ваша поле, кветкам гэтай вільгаці хопіць ненадоўга — праз месяц яны зноў пачнуць вянуць.

Валадарцы Краіны Сонечных Зайцоў вельмі спадабалася, што яе назвалі мудрай.

— Што ж мне рабіць, каб кветкі не засохлі? — занепакоена спытала яна.— Я іх так люблю!

— Здаецца, я ведаю, як Вам дапамагчы,— крыху падумаўшы, сказала Карына.— Але мне патрэбна будзе рыдлёўка.

— Рыдлёўка? — сумелася Белая Варона.— Хм, тады мне давядзецца... давядзецца...— прамармытала яна.— Добра, я паспрабую дастаць рыдлёўку.

Птушка вярнулася хвілін праз дзесяць — пер'е на хвасце тырчэла ва ўсе бакі, быццам валадарку Краіны Сонечных Зайцоў нехта добра паматлашыў.

"Ці не з-за рыдлёўкі ёй так перапала?" — падумала Карына, а ўголас прамовіла:

— А цяпер нам трэба пасярод поля выкапаць калодзеж.

— Каму гэта "нам"? — абурыўся Граня.— Мне баліць рука, і я не збіраюся нічога капаць.

— Вядома, ты не зможаш капаць,— пагадзілася Карына.— Я сама паспрабую.

— Пачакайце! — усклікнуў Сконі, пра якога тут усе ўжо нават забыліся.— Я паклічу сваіх сяброў — сонечных зайцоў. Хоць мы і не такія дужыя, як людзі, затое нас шмат.

I праўда, хутка з усіх канцоў поля пачалі збягацца сонечныя зайцы. Калі яны сталі па чарзе ўвішна капаць калодзеж, Карына звярнулася да Белай Бароны.

— Каб чэрпаць ваду, патрэбны вядро і моцная вяроўка,— нагадала яна.

— Вядро, вяроўка...— азадачана прабубніла Белая Варона.— Вядро, вяроўка...

Яна неахвотна ўзмахнула крыламі і знікла ў тым жа накірунку, што і тады, калі летала па рыдлёўку.