Читать «Незвычайнае падарожжа ў краіну ведзьмаў» онлайн - страница 44

Алесь Бадак

Карына маўчала. У яе вачах было столькі суму, што, здавалася, яна вось-вось заплача.

Лес сустрэў іх цішынёй і змрокам. Сонца ўжо схавалася за даляглядам, і на небе вісеў бледны, яшчэ белаваты месяц.

— Паглядзі! — раптам усклікнула Карына і паказала Граню руку. Залатая нітка, завязаная Урсулай на яе запясці, ператварылася ў звычайную шаўковую.

Граня зірнуў на сваю руку і ўбачыў такую ж шаўковую нітку.

— Цяпер ведзьмы могуць ператварыць нас у каго заўгодна,— занепакоіўся ён.

— Толькі наўрад ці яны стануць тут нас шукаць. Асабліва Аўга, пасля таго як Ганеста забрала ў яе пярсцёнак,— супакоіла Граню Карына.

Хутка дарога вывела іх на ўзлесак, за якім пачыналася поле. За полем шматлікімі агнямі свяціліся вокны і вуліцы вячэрняга горада.

— Слухай, гэта ж Мінск! — радасна закрычаў Граня.— Мінск! Мы дома!

Карына спынілася, дастала з кішэні пластмасавага чалавечка і некалькі хвілін трымала яго на раскрытай далоні, быццам чакала, што ён вось-вось замахае рукамі і пачне крычаць: "Адпусціце мяне! Я Галоўны Канструктар Яе Вялікасці феі Неанілы! Вы не маеце права насіць мяне ў кішэні!"

Але пластмасавы чалавечак маўчаў.

Тады Карына сціснула яго ў далоні і кінулася даганяць Граню. Хутка яны зноў ішлі побач.

Граня нешта сказаў дзяўчынцы, і яна звонка засмяялася. Гэты смех падхапіла рэха і панесла назад — ляснымі сцежкамі, таямнічымі і нябачнымі, што вядуць у дзіўныя і загадкавыя краіны, якія не знойдзеш на карце.

ПРА МАЛПАЧКУ ЧЫТУ І ЯЕ СЯБРОЎ

ЯК МАЛПАЧКА СТАЛА ПАДАРУНКАМ, I ШТО З ГЭТАГА АТРЫМАЛАСЯ

Гэта быў самы звычайны дзень, падобны на ўсе іншыя нічым не прыкметныя дні, у якія зусім не верыцца ў што-небудзь неверагоднае. Адным словам, такі ж звычайны, як і сённяшні. Паглядзі ў акно: хіба за ім не ўсё тое, абыклае, што ты бачыў ужо тысячу разоў? Тыя ж дамы, дрэвы, дарога... Нават верабей на галінцы клёна — ну, прыгледзься, гэта ж той самы верабей, які прылятае сюды кожны божы дзень.

Праўда, тады была сярэдзіна красавіка, якраз пятнаццатае чысло, а сонца толькі-толькі расчухвалася за даляглядам, незадаволенае, што трэба ўставаць на некалькі хвілін раней, чым учора. Але што ў гэтым незвычайнага, такога, каб можна было падумаць: ах, ну і дзянёк, пэўна, сёння здарыцца нешта неверагоднае!

Ніхто так не падумаў. Нават той, хто бачыў, як польска-беларускую мяжу пераехаў легкавы аўтамабіль з амерыканскімі нумарамі і тут жа спыніўся. З яго выйшаў высокі пан гадоў сямідзесяці і ўсклікнуў: "Ах, зямля маіх продкаў!" I нават праслязіўся. Затым зноў сеў за руль і паехаў далей, паўтараючы: "Ах! Ох!" Праўда, невядома, на гэты раз прычынай яго "ахаў" і "охаў" былі беларускія краявіды ці калдобіны прасёлачнай дарогі, на якую пан неўзабаве звярнуў.

I ўсё ж, менавіта ў той дзень, дакладней, у тую раніцу пятнаццатага красавіка, адбылося адно неверагоднае здарэнне. Хочаце ведаць якое? Тады паспяшаемся за амерыканцам — яго машына яшчэ не прызвычаілася да беларускіх дарог і спуджана тармазіла перад кожнай калдобінай, як перад прорвай.