Читать «Незвычайнае падарожжа ў краіну ведзьмаў» онлайн - страница 26

Алесь Бадак

З гэтымі словамі Урсула два разы гучна пляснула ў далоні, і ў троннай зале тут жа з'явіўся маленькі слуга ў блішчастым зялёным фраку і высокім капелюшы. Урсула нешта шапнула яму на вуха, слуга паспешна выйшаў, але праз хвіліну вярнуўся і працягнуў Яе Вялікасці дзве залатыя ніткі. Урсула сказала Карыне і Граню падысці да яе бліжэй і завязала ім на запясці левай рукі па нітцы.

— Цяпер,— прамовіла яна,— ніводная ведзьма не зможа вас зачараваць і ператварыць у каго-небудзь.

Падзякаваўшы Урсуле, Карына і Граня пакінулі палац. У след за імі з палаца выбег Лін.

— Я правяду вас да мяжы з Краінаю Ведзьмаў. Трэба ісці вось па гэтай дарозе,— ён паказаў на адну са шматлікіх сцежак і не стрымаўся, каб не пахваліцца: — Яе Вялікасць дазволіла маім бацькам зноў стаць Галоўнымі Кіраўнікамі Надвор'я!

— Значыць, ты цяпер таксама стаў чараўніком? — з зайздрасцю спытаў Граня.

— Не,— засмяяўся Лін,— пакуль я не вырасту, мне ніхто не даверыць ніводнага сакрэту, якім валодаюць чараўнікі. Мне яшчэ трэба шмат вучыцца.

— Ну, проста, як у нашай краіне,— уздыхнуў Граня.— Нідзе няма справядлівасці. Дарослыя толькі і ведаюць: вучыся, вучыся.

— Табе было б карысна пабываць у Лясоніі,— з лёгкім дакорам сказала Карына.— Ты б убачыў, да чаго даводзіць гультайства.

— Я не гультай,— пакрыўдзіўся Граня.— Думаеш, я нічога не разумею? Гэта дарослыя адно гавораць, што толькі і думаюць пра нас, хочуць, каб нам жылося лепш. А на самай справе думаюць найперш пра сябе. Вось скажы, ці забаронена дарослым рабіць што-небудзь, што можна дзецям?

Карына задумалася, але Граня не стаў чакаць адказу.

— Вядома, не! — усклікнуў ён.— Затое дзецям амаль нічога нельга з таго, што дазваляецца дарослым. Нам нельга, а дарослым можна хоць да раніцы сядзець у гасцях і не баяцца, што іх пасля за гэта адлупцуюць. Ім можна глядзець любыя фільмы, нават калі там увесь час страляюць. Ім можна самім вадзіць аўтамабіль, а мы павінны дабірацца ў школу на аўтобусах.

— Ну, гэта ты ўжо хапіў,— запярэчыла Карына.— Уяўляю, што было б, калі б табе дазволілі сесці за руль і выехаць на які-небудзь праспект.

— Ах, ах! Што было б! — перадражніў яе Граня.— Хіба цяжка прыдумаць для нас машыны, сапраўдныя, як у дарослых, але не такія складаныя? А хіба нельга зрабіць спецыяльныя дарожкі, на якіх мы маглі б вучыцца ездзіць? Тады кожны, пакуль вырасце, навучыўся б ездзіць так, што ў горадзе зусім не было б аварый.

— Значыць, ты ўсё ж згодны, што ўсяму спачатку трэба вучыцца? — з усмешкай спытаў у Грані Лін, які мала што зразумеў з яго апошніх слоў.

— Хіба я сказаў — усяму? — чмыхнуў Граня.— I вось яшчэ ўзялі за моду — вырашаць за мяне, колькі мне вучыцца і што трэба ведаць, а што не.

— Мой брат таксама так разважае,— уздыхнула Карына.

Як ён там цяпер? Хутчэй бы ўжо трапіць у гэтую Краіну Ведзьмаў.

— Бачыце на даляглядзе лес? — спытаў Лін.— Ад яго пачынаецца Краіна Ведзьмаў.