Читать «Незвычайнае падарожжа ў краіну ведзьмаў» онлайн - страница 24
Алесь Бадак
Палац знаходзіўся пасярод невялікага гарадка з маленькімі прыгожымі дамамі і зялёным скверыкам на галоўнай плошчы. Як і належыць палацу, у якім жыве Валадарка краіны, ён выдзяляўся сярод іншых пабудоў асаблівай раскошай і хараством. Сцены яго былі аздоблены ізумрудамі, перад парадным уваходам стаялі калоны, пакрытыя чыстым золатам, шкло ў вокнах пералівалася на сонцы рознакаляровымі блікамі.
Галоўны Вартаўнік палаца, даведаўшыся пра мэту прыходу дзіўнай кампаніі, у якой было двое іншаземцаў, правёў усіх у вялікую залу і загадаў чакаць. Падлога, сцены, столь — усё ў зале зіхацела і пералівалася рознымі колерамі, аж сляпіла вочы.
Праз хвіліну Галоўны Вартаўнік вярнуўся і запрасіў скарбнікаў прайсці следам за ім. Карына і Граня засталіся адны. Юныя падарожнікі паволі хадзілі па зале і дзівіліся то вялікімі карцінамі, якія паўсюль віселі на сценах, то вялікімі люстрамі, што звісалі з высокай столі.
Раптам з дзвярэй, за якімі нядаўна зніклі Галоўны Вартаўнік і скарбнікі, хутка выйшаў маленькі чалавечак паважнага ўзросту з глобусам у руцэ. Пазіраючы сабе пад ногі, ён наскочыў на Карыну і ад нечаканасці выпусціў з рук глобус.
— Ах, прабачце! — прамармытаў чалавечак, ускінуўшы рукі.— Я так задумаўся, што не заўважыў вас.
Карына падняла глобус і працягнула чалавечку.
— Дзякуй, дзякуй,— некалькі разоў паўтарыў той, беражліва прымаючы шар, размаляваны ў розныя колеры.
— Вы, напэўна, мясцовы настаўнік? — пацікавілася Карына.
— Настаўнік? Што вы! Я Першы і Адзіны Астраном-Географ Яе Вялікасці,— прадставіўся дзядок.
— Чаму Першы і Адзіны? — здзіўлена спытала Карына.
— Першы, таму што да мяне ніхто не займаў гэтую высокую пасаду,— растлумачыў вучоны.— А Адзіны, таму што ў нашай краіне няма іншых астраномаў і географаў. А гэта,— чалавечак паказаў на глобус,— гэта наша планета! Я вылічыў! Я правёў матэматычныя разлікі і вылічыў, што наша планета мае форму шара! Уяўляеце?
— Уяўляю,— кіўнула Карына, ледзьве хаваючы усмешку, а Граня толькі хмыкнуў, з цікавасцю разглядаючы дзядка.
— Вы мяне разумееце! Ніхто мяне дагэтуль не разумеў, ніхто мне не верыў, усе мяне называлі дзіваком, які на старасці з'ехаў з глузду, а вы... Вы разумееце мяне, вы верыце мне, я гэта бачу па вашых вачах!
— Але чаму я не павінна вам верыць? — паціснула плячыма Карына.— Вы ж не сказалі нічога...
— Вось! Вашы словы — гэта гаючая вада, якая вяртае мне душэўныя сілы! — усклікнуў Першы і Адзіны Астраном-Географ, перабіваючы дзяўчынку.— Але ўсе лічаць, што наша планета не можа быць круглай!
— Якое глупства! — засмяялася Карына.— Ды ў нас кожнаму школьніку вядома, што Зямля мае форму шара, праўда, крыху сплюснутага.
— Як? — расчаравана прамовіў дзядок.— У вас гэта вядома кожнаму школьніку?
— Даўно,— кіўнула Карына.
— Вы хочаце сказаць, што я не першы, хто вылічыў, што наша планета не плоская?! — не мог паверыць Першы і Адзіны Астраном-Географ.
— На жаль,— сказала Карына.— Яшчэ да нашай эры грэчаскія філосафы і астраномы былі перакананы, што Зямля круглая. Мала таго, ужо тады грэчаскі вучоны Эратасфен вылічыў даўжыню акружнасці зямнога шара, а вялікі астраном Пталемей у пачатку нашай эры даводзіў, што наша планета — шар, заключаны ў яшчэ большы шар нябеснага зводу.