Читать «Незвычайнае падарожжа ў краіну ведзьмаў» онлайн - страница 25
Алесь Бадак
Карына цікавілася астраноміяй, ведала шмат з таго, чаго яшчэ не расказвалі на уроках, і была рада, што ў яе з'явілася магчымасць лішні раз паказаць сваю дасведчанасць.
Не толькі Першы і Адзіны Астраном-Географ, але нават Граня слухаў яе разявіўшы рот.
— Да нашай эры... Эрата... Эратасфен... Даўжыня акружнасці...— слабым голасам паўтарыў дзядок.— А я лічыў, што зрабіў адкрыццё, і мае імя... Ах, як я памыліўся!.. А мне да таго ж ніхто не верыць...
— Не адчайвайцеся,— паспрабавала суцешыць далінца Карына.— У нас таксама не адразу ўсе паверылі, што Зямля круглая. За такія перакананні некаторых вучоных нават спальвалі на кастры.
— Спальвалі на кастры? — спалохана перапытаў дзядок, але тут жа схамянуўся і горда расправіў плечы.— Ісціну нельга спаліць на кастры. Вось, глядзіце,— ён пакруціў глобус.— Бачыце, я нанёс на яго ўсе вядомыя навуцы краіны. Вось ваша краіна, пазнаяце?
— Карына ўважліва паглядзела на тое месца, куды паказваў Першы і Адзіны Астраном-Географ і дзе вялікімі літарамі было напісана:
"
Абрысы Краіны Веліканаў, афарбаваныя ў чырвоны колер, зусім не нагадвалі абрысы Беларусі ці суседніх з ёй краінаў, якія можна знайсці на школьных картах. Але дзяўчынка не хацела яшчэ больш засмучаць Астранома-Географа і сказала:
— Быццам бы так, падобная.
Тут яе позірк упаў на суседнія з Краінай Веліканаў дзяржавы.
"ДАЛІНІЯ" — прачытала Карына надпіс на вялікай, амаль такой жа, як і "яе" краіна, тэрыторыі, зафарбаванай у блакітны колер.
А побач, у заходнім накірунку, знаходзілася ў два разы меншая тэрыторыя зялёнага колеру.
"ЛЯСОНІЯ" — сведчыў надпіс. Яшчэ далей на захад размяшчалася краіна, зафарбаваная ў шэры колер.
"КРАІНА ВЕДЗЬМАЎ" — было пазначана на ёй.
15. ПАДАРУНАК УРСУЛЫ
У гэты момант дзверы, каля якіх стаялі Карына і Астраном-Географ Лясоніі, расчыніліся, на парозе з'явіўся Галоўны Вартаўнік і ўрачыста прамовіў:
— Гасцей з Краіны Веліканаў Яе Вялікасць кліча да сябе.
Праз хвіліну Карына і Граня апынуліся ў троннай зале.
Яна зіхацела так, быццам усё — сцены, падлога і столь — было пакрыта золатам. У кутку ў бліскучым крэсле маленькі музыкант ціха іграў на флейце. Мяккая прыемная музыка разлівалася па ўсёй зале.
У самым цэнтры залы на залатым троне сядзела Валадарка Далініі Урсула. Гэта была зусім яшчэ маладая жанчына са светлымі кучаравымі валасамі, якія закрывалі яе плечы. Доўгая паўпразрыстая сукенка Урсулы пералівалася каштоўнымі каменьчыкамі. У руках Валадарка Далініі трымала чароўны посах. Каля трона стаялі скарбнікі.
Урсула ўважліва паглядзела на гасцей і падзякавала Карыне, што тая дапамагла скарбнікам вярнуць посах. Затым Яе Вялікасць пацікавілася, куды і з якой мэтай накіроўваюцца падарожнікі. Атрымаўшы падрабязны адказ, Урсула доўга сядзела моўчкі, задумліва пазіраючы недзе міма Карыны і Грані. Нарэшце яна сказала:
— Кожны, хто хоць раз сустракаўся з ведзьмамі, стараецца трымацца ад іх далей. Пра іх вераломства вядома ва ўсім казачным свеце. Але ў вас, і праўда, няма іншага выйсця, як сустрэцца з Ганестай. Ніводная фея не зможа зняць вядзьмарскія чары. I ўсё ж я пастараюся дапамагчы вам.