Читать «Незвычайнае падарожжа ў краіну ведзьмаў» онлайн - страница 27

Алесь Бадак

16. ГРАНЯ ПАЗНАЕ ВЕДЗЬМУ

Праз паўгадзіны падарожнікі падышлі да шырокай рэчкі.

— У гэтым месцы,— сказаў Лін, стоячы каля самай вады,— на той бок магу перайсці нават я, а вам будзе яшчэ прасцей.

Карына і Граня развіталіся з ім як з самым блізкім сябрам.

Вада ў рацэ была цёплая і, праўда, на ўсю шырыню ракі не падымалася вышэй калена, так што, зняўшы абутак, падарожнікі без праблем перайшлі на другі бераг.

— Памятаеш, што сказала знахарка? — нагадала Карына.— Кветка папараці павінна засохнуць тады, калі мы апынемся ў Краіне Ведзьмаў.

Дзяўчынка дастала з кішэні сваю кветку, якая, быццам попел, тут жа рассыпалася на далоні. Раптам наляцеў вецер і ў адно імгненне развеяў і тое, што засталося ад кветкі.

— А дзе твая? — спытала Карына ў Грані, са шкадаваннем пазіраючы на сваю пустую далонь.

— Згубіў,— прамармытаў Граня.— Адно ж не вельмі яна і патрэбная была. Мы і без яе трапілі ў Краіну Ведзьмаў.

Падарожнікі абуліся і рушылі да лесу, які падступаўся амаль да самай рэчкі. У лесе было ціха і змрочна. Густыя лапы высокіх дрэў спляталіся, хаваючы ад вачэй неба. Жорсткі папаратнік хвастаў па нагах, дастаючы да самых каленяў.

— Трэба шукаць сцежку,— сказала Карына.— У кожным лесе павінны быць сцежкі.

— А можа, мы першыя, каго занясло сюды,— зморшчыўся Граня.

— Затое будзе што расказачь дома,— не губляла аптымізму Карына.

— Ага, калі нам яшчэ павераць,— ухмыльнуўся Граня.— I калі мы не заблудзімся тут.

— Тады давай разыдземся ў розныя бакі,— прапанавала Карына.— Так мы хутчэй знойдзем калі не сцежку, то хаця б паляну, на якой можна адпачыць.

I падарожнікі рушылі ў глыб лесу, час ад часу перагукваючыся, быццам грыбнікі. Але колькі яны ні блукалі між дрэў, сцежкі нідзе не было — нібыта па гэтым лесе, і праўда, ніхто да іх не хадзіў.

Раптам нібы з-пад зямлі перад Карынаю з'явілася бабулька ў падраных, ношаных-пераношаных лахманах. Бабульчын твар быў сухі і выцягнуты, а на падбародку тырчэлі два доўгія сівыя валаскі.

— Што, прыгажуня, шукаеш у гэтым лесе? — спытала яна, хітра прыжмурыўшы маленькія вочы.

— Мы шукаем валадарку Краіны Ведзьмаў,— прастадушна адказала Карына, узрадаваная тым, што нарэшце ў лесе трапілася жывая душа.

Бабулька зіркнула па баках, заўважыла Граню і нядобра ўсміхнулася.

— Ну, што ж, я дапамагу вам,— прамармытала яна, і, дзіва, там, дзе толькі што быў густы папаратнік, раптам з'явілася добра вытаптаная сцежка.

— Ідзіце за мной,— сказала бабулька і, шоргаючы чаравікамі з завостранымі наскамі, пасунулася па сцежцы.

Карына пачакала Граню, і яны няспешна пайшлі следам за дзіўнай бабулькай.

Спачатку сцежка вяла прама, а пасля рэзка павярнула ўправа і ўперлася ў замшэлую, пахіленую хатку. Дах яе прагніў, а на коміне вароны звілі гняздо. Крывыя дзверы былі падпёртыя кіем.

— Вы, мусіць, стаміліся,— сказала падарожнікам бабулька.— То заходзьце ў хату, крыху адпачняце, а я, кхі-кхі,— закашлялася старая,— пачастую вас смачным абедам.

Яна адперла дзверы, паставіла кій каля сцяны і першай пераступіла парог. Але як толькі бабулька знікла за парогам, Граня схапіў кій і падпёр ім дзверы.