Читать «Незвычайнае падарожжа ў краіну ведзьмаў» онлайн - страница 22

Алесь Бадак

Карына таксама была здзіўлена тымі пераменамі, якія адбыліся з Вірынеяй, аб чым некалькі разоў паўтарыла Яе Вялікасці.

"Ну што ж,— вырашыла дзяўчынка,— не будзем спыняцца на паўдарозе. У палацы трэба ўсё давесці да ладу. Можа, тады я змагу даказаць лясонам, што ганарыцца сваім гультайствам неразумна".

Пад вечар палац было не пазнаць. Ён зіхацеў так, што Вірынея з непрывычкі жмурылася і, пераходзячы з ад наго пакоя ў другі, захоплена ўскліквала:

— Ах!

Следам за ёю хадзілі слугі і таксама ўскліквалі:

— Ах!

13. ЗНІКНЕННЕ КАРЫНЫ

Заставалася яшчэ залатаць дзірку ў столі, і тады ў палацы не сорамна было б прымаць самых высокіх гасцей з розных краінаў.

Аднак без мужчынскіх рук з такой работай справіцца было няпроста, і Карына пачала думаць, як прымусіць прыдворных лясонаў залезці на дах палаца і адрамантаваць яго, каб у той жа час не зачапіць іх гультайскае самалюбства.

Пэўна, дзяўчынка ўсё ж нешта прыдумала б, але тут парадныя дзверы палаца расчыніліся, і парог пераступілі двое слуг Яе Вялікасці, якія вялі Мітроха і Фірса.

Хоць для Карыны ўсе лясоны знешне былі вельмі падобныя паміж сабой, яна адразу пазнала злодзеяў. Больш за ўсё дзяўчынку ўсцешыла тое, што адзін з іх трымаў залаты посах. Мітроха і Фірса павялі ў тронную залу. Як толькі злодзеі ўбачылі валадарку Лясоніі, іх твары выцягнуліся ад здзіўлення.

— Хто гэта? — прашаптаў Мітрох.

— Думаеш, гэта не Вірынея? — прамармытаў Фірс.

— А што здарылася з яе валасамі і... і тварам? — яшчэ цішэй прагаварыў Мітрох.

— А можа, яна ўжо навучылася чараваць? — спалохана сказаў Фірс.— Паглядзі, як змяніўся палац. Хіба сам па сабе ён мог бы так змяніцца?

Яе Вялікасць кінула строгі позірк на злодзеяў і сказала:

— Як вы пасмелі скрыць ад мяне тое, што былі ў Далініі і ўкралі там залаты посах?

— Ваша Вялікасць,— паспешліва прамовіў Ор,— мы не збіраліся нічога скрываць. Наадварот, мы ўжо і самі хацелі ісці да Вас, каб падарыць Вам залаты посах.

— А тут з'явіліся Вашы слугі і сталі крычаць на нас, падганяць,— дадаў Фірс.

— Вы хацелі падарыць залаты посах мне? — сумелася Вірынея, нібы не адчуваючы ў голасе маленькіх злодзеяў ніякага фальшу.

— Ну, вядома,— заківалі галовамі Мітрох і Фірс. Карына здзіўлена паглядзела на Вірынею: няўжо яна не разумее, што яны маняць? Але Валадарка Лясоніі не звяртала ніякай увагі на дзяўчынку. Яна працягнула руку злодзеям і сказала:

— Што ж, давайце яго сюды.

Мітрох са шкадаваннем аддаў Вірынеі залаты посах.

— Ваша Вялікасць, вы абяцалі вярнуць яго майму сябру,— занепакоілася Карына.

— Хм, але цяпер гэта ўжо мой падарунак,— задумліва сказала Вірынея, з цікавасцю разглядаючы залаты посах.

— Але ж ён украдзены! — нагадала Карына.

— Не ведаю, ці маеш права ты цяпер патрабаваць яго назад,— паморшчылася Валадарка Лясоніі.— Пакуль ён быў проста ўкрадзенай рэччу, то, безумоўна, належаў твайму сябру. Але цяпер, калі стаў падарункам, ён як бы ўжо і не яму належыць, а мне.