Читать «Населены востраў» онлайн - страница 205

Аркадзій Натанавіч Стругацкі

Вандроўнік скоса глядзеў на яго круглым зялёным вокам.

— Ну добра. А далей?

— А далей мусіць пачацца рэвалюцыя.

— Чаго гэта дзеля?

— Бо ж Цэнтр разбураны, выпраменьваньня больш няма...

— Ну і што ж?

— Цяпер яны адразу зразумеюць, што іх прыгнятаюць, што жыцьцё ў іх дрэнь, і падымуцца...

— Куды яны падымуцца? — сказаў Вандроўнік сумна. — Хто падымецца? Невядомыя Айцы жывыя і здаровыя, Гвардыя ў поўнай гатоўнасьці, армія адмабілізаваная, у краіне ваеннае становішча... На што вы разьлічвалі?

Максім апусьціў галаву. Можна было б, вядома, выкласьці гэтай сумнай пачвары свае пляны, пэрспэктывы і іншае, але якая рацыя, раз нічога не гатова, раз усё так атрымалася...

— Разьлічваць яны будуць самі, — ён паказаў цераз плячо на Вепрука. — Вось гэты чалавек, напрыклад, хай разьлічвае... Мая справа была — даць ім магчымасьць разьлічваць.

— Вашая справа... — прамармытаў Вандроўнік. — Вашая справа была — сядзець у кутку і чакаць, пакуль я вас злаўлю...

— Так, напэўна, — сказаў Максім. — Наступнага разу я буду мець гэта на ўвазе...

— Сёньня ж адправіцеся на Зямлю, — жорстка сказаў Вандроўнік.

— І не падумаю, — запярэчыў Максім.

— Сёньня вы адправіцеся на Зямлю! — падвысіўшы голас, паўтарыў Вандроўнік. — На гэтай плянэце ў мяне хапае клопатаў і бяз вас. Забірайце сваю Раду і адпраўляйцеся...

— Рада ў вас? — хутка спытаў Максім.

— Так. Даўно ў мяне. Жывая і здаровая, не турбуйцеся.

— За Раду — дзякуй, — сказаў Максім. — Вялікі дзякуй…

Машына заехала ў горад. На галоўнай вуліцы гула, дыміла і чадзела жахлівая пробка. Вандроўнік зьвярнуў у завулак і паехаў трушчобамі. Тут усё было мёртва. На вуглах слупом, рукі за сьпіной, твар пад баявой каскай, тырчалі чыны ваеннай паліцыі. Так, тут на падзеі адрэагавалі хутка. Агульная трывога, і ўсе на месцах, як толькі ачуліся ад дэпрэсіі. Можа быць, ня трэба было адразу падрываць, можа быць, трэба было дзейнічаць па пляне пракурора?... Не, не, масаракш! Хай усё ідзе, як ідзе. Хай ён мне не вымаўляе дарма. Хай яны самі разьбяруцца, што да чаго, яны ж абавязкова разьбяруцца, як толькі ў іх праясьніцца ў галаве... Вандроўнік зноў вывярнуў на галоўную магістраль. Вяпрук далікатна паляпаў яго па плячы ствалом пісталета.

— Будзьце ласкавы, высадзіце мяне. Вось тут. Вунь, дзе людзі стаяць...

Каля газэтнага кіёску, засунуўшы рукі глыбока ў кішэні доўгіх шэрых плашчоў, стаялі людзі — чалавек пяць, а акрамя іх на тратуарах нікога не было, відавочна, дэпрэсыўны ўдар моцна напалохаў жыхароў, і яны пахаваліся, хто куды.

— А што вы намерваецеся рабіць? — спытаў Вандроўнік, запавольваючы ход.

— Дыхаць сьвежым паветрам, — адказаў Вяпрук. — Сёньня на рэдкасьць слаўнае надвор’е...

— Гэта наш чалавек, — сказаў яму Максім. (Вандроўнік страшна выскаліўся.) — Пры ім можна гаварыць усё.

Аўтамабіль спыніўся ля бакавіны. Людзі ў плашчах зайшлі за кіёск. Было відаць, як яны выглядваюць адтуль.

— Наш? — перапытаў Вяпрук. — Чый гэта — наш?

Максім у цяжкасьці паглядзеў на Вандроўніка. Вандроўнік і ня думаў дапамагаць яму.

— Зрэшты, добра, — сказаў Вяпрук. — Вам я веру. Мы цяпер зоймемся штабам. Я мяркую, што пачынаць трэба са штабу. Там ёсьць людзі — вы ведаеце, пра каго я кажу, — якіх трэба прыбраць, пакуль яны не асядлалі рух...