Читать «Населены востраў» онлайн - страница 207

Аркадзій Натанавіч Стругацкі

Максім маўчаў. Яны пад’ехалі да машын, што загароджвалі праезд, цемнатвары каржакаваты афіцэр, дзіўна-знаёма адмахваючыся рукой, падышоў да іх і каркаючым голасам запатрабаваў дакумэнты. Вандроўнік злосна і нецярпліва сунуў яму пад нос бліскучы жэтон. Афіцэр панура адказыраў і зірнуў на Максіма. Гэта быў пан ротмістр... не — цяпер ужо брыгадзір Гвардыі Чачу. Вочы яго пашырыліся.

— Гэты чалавек з вамі, ваша яснавяльможнасьць? — спытаў ён.

— Так. Неадкладна загадайце прапусьціць мяне.

— Прашу прабачэньня, ваша яснавяльможнасьць, але гэты чалавек...

— Зараз жа прапусьціць! — гаркнуў Вандроўнік.

Брыгадзір Чачу панура казырнуў, павярнуўся і махнуў жаўнерам. Адзін з грузавікоў ад’ехаў, і Вандроўнік кінуў машыну ў адкрыты праход.

— Вось так, — сказаў ён. — Яны гатовыя, яны заўсёды былі гатовыя. А ты думаў — раз-два і ўсё... прыстрэліць Вандроўніка, павесіць Айцоў, разагнаць баязьліўцаў і фашыстаў у штабе — і канец рэвалюцыі...

— Я ніколі так ня думаў, — сказаў Максім. Ён адчуваў сябе вельмі няшчасным, раздушаным, бездапаможным, безнадзейна дурным.

Вандроўнік пакасіўся на яго, крывавата ўсьміхнуўся.

— Ну, добра, добра, — сказаў ён. — Я проста злы. Не на цябе — на сябе. Гэта я адказваю за ўсё, што тут адбываецца, і гэта мая віна, што так атрымалася. Я проста не пасьпяваў за табой... — Ён зноў усьміхнуўся. — Хуткія вы, аднак, там хлопцы — у ГВП...

— Не, — сказаў Максім. — Вы не дакарайце сябе так. Я ж сябе не дакараю... Прабачце, як вас завуць?

— Завіце мяне Рудольф.

— Так... Я ж сябе не дакараю, Рудольф. І не зьбіраюся. Я зьбіраюся працаваць. Рабіць рэвалюцыю.

— Зьбірайся лепш дадому, — сказаў Вандроўнік.

— Я дома, — сказаў Максім нецярпліва. — Ня будзем пра гэта больш... Мяне цікавяць перасоўныя выпраменьвальнікі. Што зь імі рабіць?

— Зь імі нічога ня трэба рабіць, — адказаў Вандроўнік. — Падумай лепш, што рабіць з інфляцыяй...

— Я пытаюся пра выпраменьвальнікі, — сказаў Максім.

Вандроўнік уздыхнуў.

— Яны працуюць ад акумулятараў, — сказаў ён. — І зарадзіць іх можна толькі ў мяне ў інстытуце. Праз трое сутак яны здохнуць... Але вось празь месяц павінна пачацца ўварваньне. Звычайна ў нас атрымоўваецца зьбіваць субмарыны з курсу, так што да ўзьбярэжжа даходзяць толькі адзінкі. Але на гэты раз яны рыхтуюць армаду... Я разьлічваў на дэпрэсыйнае выпраменьваньне, а зараз іх давядзецца проста тапіць... — Ён памаўчаў. — Значыць, ты — дома. Ну, дапусьцім... І чым жа ты канкрэтна намерваешся цяпер займацца?

Яны пад’яжджалі да Дэпартамэнту. Цяжкія вароты былі зачыненыя наглуха, у каменнай агароджы чарнелі амбразуры, якіх Максім раней ніколі ня бачыў. Дэпартамэнт стаў падобным на крэпасьць, гатовую да бою. А каля павiльёнчыку стаялі трое, і рудая барада Зэфа гарэла ў зеляніне, як экзатычная кветка.

— Ня ведаю, — сказаў Максім. — Я рабіцьму тое, што мне загадаюць дасьведчаныя людзі. Калі спатрэбіцца, я займуся інфляцыяй. Калі давядзецца, я тапіцьму субмарыны... Але сваю галоўную задачу я ведаю цьвёрда: пакуль я жывы, нікому тут ня ўдасца пабудаваць яшчэ адзін Цэнтр. Нават з найлепшымі намерамі...