Читать «Населены востраў» онлайн - страница 192

Аркадзій Натанавіч Стругацкі

Потым ён замкнуўся ў кабінэце, зноў выклаў на стол справу ў зялёнай тэчцы і пачаў прадумваць нанава, з самага пачатку. Яго патурбавалі толькі адзін раз: кур’ер з Ваеннага дэпартамэнту прынёс апошнюю франтавую зводку. Фронт разваліўся. Нехта навёў ханційцаў на думку зьвярнуць увагу на загарадатрады, і ўчора ўначы яны расстралялі і зьнішчылі атамнымі снарадамі да дзевяноста пяці адсоткаў танкаў-выпраменьвальнікаў. Пра лёс арміі, якая прарвалася, зьвестак больш не паступала... Гэта быў канец. Гэта быў канец вайне. Гэта быў канец генэралу Шакагу і генэралу Оду. Гэта быў канец Акулярыку, Чайніку, Хмары і іншым, мяльчэйшым. Вельмі магчыма, што гэта быў канец Сьвёкру і Швагру. І ўжо канешне гэта быў бы канец Разумніку, калі б Разумнік ня быў разумнікам...

Ён растварыў зводку ў шклянцы з вадой і пайшоў хадзіць коламі па кабінэце. Ён адчуваў вялікую палёгку. Цяпер ён прынамсі сапраўды ведаў, калі яго выклічуць наверх. Спачатку яны скончаць са Сьвёкрам і будуць ня менш за суткі выбіраць паміж Дзяргунчыкам і Зубам. Затым ім давядзецца паваждацца з Акулярыкам і Хмарай. Гэта яшчэ суткі. Ну, Чайніка яны прыстукнуць мімаходам, а вось генерал Шакагу адзін адбярэ ў іх ня менш за двое сутак. А потым і толькі потым... Потым у іх ужо больш ня будзе ніякага «потым»...

Ён не выходзіў з кабінэту да самага прыезду госьця.

Госьць зрабіў выключна прыемнае ўражаньне. Ён быў бліскучы. Ён быў настолькі бліскучы, што прокурорша, баба халодная, сьвецкая ў найстрашнейшым сэнсе слова, даўным-даўно ў вачах пракурора ўжо не жанчына, а стары баявы таварыш, пры першым позірку на Мака скінула гадоў дваццаць і паводзіла сябе па-чартоўску натуральна — яна не магла б паводзіць сябе натуральней, нават калі б ведала, якую ролю павінен сыграць Мак у ейным лёсе.

— А чаму вы адзін? — зьдзівілася яна. — Муж замовіў вячэру на чацьвярых...

— Так, сапраўды, — падхапіў пракурор, — я зразумеў так, што вы прыйдзеце са сваёй дамай, я памятаю гэтую дзяўчыну, яна з-за вас ледзь ня трапіла ў бяду...

— Яна трапіла ў бяду, — сказаў Мак спакойна. — Але пра гэта мы пагаворым потым, з вашага дазволу. Куды скажаце ісьці?...

Вячэралі доўга, весела, шмат сьмяяліся, трошкі пілі. Пракурор распавядаў апошнія плёткі — дазволеныя і рэкамэндуемыя да распусканьня Дэпартамэнтам грамадзкага здароўя. Прокурорша вельмі міла загінала нясьціплыя анэкдотцы, а Мак у гумарыстычных танах апісаў свой палёт на бамбавозе. Сьмеючыся над ягоным апавяданьнем, пракурор з жахам думаў, што б цяпер зь ім было, калі б хоць адна ракета трапіла ў цэль...

Калі ўсё было зьедзена і выпіта, прокурорша выбачылася і прапанавала мужчынам даказаць, што яны здольныя праіснаваць бяз дамы хоць бы гадзіну. Пракурор ваяўніча прыняў гэты выклік, схапіў Мака пад руку і пацягнуў яго ў кабінэт частаваць віном, якое мелі магчымасьць дэгуставаць усяго тры або чатыры дзясяткі чалавек у краіне.