Читать «Населены востраў» онлайн - страница 191

Аркадзій Натанавіч Стругацкі

— Я — усё патрошку, — сказаў Мак. — Ну, трошкі хімік, трошкі фізык...

— Трошкі падпольшчык, — сказаў пракурор, дабрадушна сьмеючыся.

— Вельмі трошкі, — рашуча сказаў Мак.

— Трошкі штукар... — сказаў пракурор.

Мак уважліва паглядзеў на яго.

— Трошкі фантазёр, — працягнуў пракурор, — трошкі авантурыст...

— Гэта ўжо не спэцыяльнасьці, — запярэчыў Мак. — Гэта, калі заўгодна, проста ўласьцівасьці ўсякага прыстойнага навукоўца.

— І прыстойнага палітыка, — сказаў пракурор.

— Вельмі рэдкае спалучэньне слоў, — заўважыў Мак.

Пракурор запытальна паглядзеў на яго, потым сьцяміў і зноў засьмяяўся.

— Так, — сказаў ён. — Палітычная дзейнасьць мае сваю спэцыфіку. Палітыка ёсьць мастацтвам адмываць дачыста вельмі бруднай вадой. Ніколі не апускайцеся да палітыкі, Мак, заставайцеся са сваёй хіміяй... — Ён паглядзеў на гадзіньнік і з прыкрасьцю сказаў: — Ах, праклён, зусім няма часу, а так хацелася б з вамі пабалбатаць... Я глядзеў вашае дасье, вы — цікаўная асоба... але вы, верагодна, таксама моцна занятыя...

— Так, — сказаў разумніца Мак. — Хаця, вядома, ня так моцна, як дзяржаўны пракурор.

— Ну вось, — сказаў пракурор, зноў засьмяяўшыся. — А вашае начальства запэўнівае нас, быццам вы працуеце днём і ноччу... Я, напрыклад, не магу сказаць гэтага пра сябе. У дзяржаўнага пракурора здараюцца свабодныя вечары... Вы зьдзівіцеся, але ў мяне ёсьць да вас маса пытаньняў, Мак. Прызнацца, я хацеў пагутарыць з вамі яшчэ тады, пасьля працэсу. Але — справы, бясконцыя справы...

— Я да вашых паслуг, — сказаў Мак. — Тым больш, што ў мяне таксама ёсьць да вас пытаньні.

Ну-ну! — мысленна абсёк яго пракурор, — ня трэба так адкрыта, мы тут не адны. Уголас ён сказаў, празьзяўшы:

— Выдатна! Усё, што ў маіх сілах... А зараз — прашу мяне прабачыць, бягу...

Ён паціснуў велізарную далонь свайго Мака, ужо злоўленага Мака, які канчаткова папаўся на вуду, ён выдатна мне падыгрываў, ён несумненна хоча сустрэцца, і цяпер я яго падсяку... Пракурор спыніўся ў дзьвярах, пстрыкнуў пальцамі і сказаў, павярнуўшыся:

— Дазвольце, Мак, а што вы робіце сёньня ўвечары? Я толькі што зразумеў, што ў мяне сёньня свабодны вечар...

— Сёньня? — сказаў Мак. — Ну, што ж... Праўда, сёньня ў мяне...

— Прыходзьце ўдваіх! — усклікнуў пракурор. — Яшчэ лепш — я пазнаёмлю вас з жонкай, атрымаецца цудоўны вечар... Восем гадзін — вас задаволіць? Я прышлю за вамі машыну. Дамовіліся?

Дамовіліся.

Дамовіліся! — трыумфуючы, думаў пракурор, абыходзячы апошнія лябараторыі аддзелу, усьміхаючыся, паляпваючы і паціскаючы. Дамовіліся! — думаў ён, падпісваючы акт у кабінэце Апалоніка. Дамовіліся, масаракш, дамовіліся! — крычаў ён сам сабе пераможна па дарозе дадому.

Ён аддаў распараджэньне шафёру. Ён загадаў рэфэрэнту паведаміць у Дэпартамэнт, што пан пракурор заняты... нікога не прымаць, адключыць тэлефоны і ўвогуле выбірацца да д’ябла з вачэй далоў, але так, зрэшты, каб увесь час быць пад рукой. Ён выклікаў жонку, пацалаваў яе ў шыю, мімаходзь прыгадаўшы, што ня бачыліся яны ўжо дзесяць дзён, і папрасіў яе распарадзіцца наконт вячэры, добрай, лёгкай, смачнай вячэры на чацьвярых, быць за сталом цацай і падрыхтавацца сустрэць вельмі цікавага чалавека. І паболей вінаў, найлепшых і самых розных.