Читать «Населены востраў» онлайн - страница 167

Аркадзій Натанавіч Стругацкі

За захаваньне вежаў стаялі правадырысты, лібэралы і асьветнікі. Правадырысты — найправейшае крыло падпольля — былі, па выразе Зэфа, проста бандай уладалюбцаў, якія рваліся да дэпартамэнцкіх крэслаў, і рваліся небеспасьпяхова: нейкі Калу-Махляр, што прадраўся ў Дэпартамэнт прапаганды, быў у свой час важным лідэрам гэтай фашыстоўскай групоўкі. Гэтыя палітычныя бандыты былі гатовыя шалёна, не разьбіраючыся ў сродках, біцца супраць любога ўраду, калі ён складзены бязь іхнага ўдзелу... Лібэралы былі ў агульным супраць вежаў і супраць Невядомых Айцоў. Аднак, больш за ўсё яны баяліся грамадзянскае вайны. Гэта былі нацыянальныя патрыёты, што надзвычай клапаціліся пра славу і моц дзяржавы і асьцерагаліся, што зьнішчэньне вежаў прывядзе да хаосу, усеагульнага апляваньня сьвятыняў і беззваротнага распаду нацыі. У падпольлі яны сядзелі таму, што ўсе, як адзін, былі прыхільнікамі парлямэнцкіх формаў праўленьня... Што ж тычыцца асьветнікаў, то гэта былі, несумненна, сумленныя, шчырыя і недурныя людзі. Яны ненавідзелі тыранію Айцоў, былі катэгарычна супраць выкарыстаньня вежаў для падману масаў, але лічылі вежы магутным сродкам выхаваньня народа. Сучасны чалавек па натуры — дзікун і зьвер, казалі яны. Выхоўваць яго клясычнымі мэтадамі гэта справа стагодзьдзяў і стагодзьдзяў. Выпаліць ў чалавеку зьвера, задушыць у ім жывёльныя інстынкты, навучыць яго дабру, любові да бліжняга, навучыць яго ненавідзець невуцтва, хлусьню, абывацельшчыну — вось высакародная задача, і з дапамогай вежаў гэтую задачу можна было б вырашыць на працягу аднаго пакаленьня...

Камуністаў было занадта мала, амаль усіх іх перабілі падчас вайны і перавароту; арыстакратаў ніхто ўсур’ёз не прымаў; лібэралы ж былі занадта пасыўныя і часьцяком самі не разумелі, чаго хочуць. Таму найуплывовейшымі і найбольш масавымі групоўкамі ў падпольле заставаліся біялягісты, правадырысты і асьветнікі. Агульнага ў іх амаль нічога не было, і падпольле ня мела ні адзінае праграмы, ні адзінага кіраўніцтва, ні адзінае стратэгіі, ні адзінае тактыкі...

— Так, салата... — паўтарыў Максім. — Сумна. Я спадзяваўся, што падпольле ўсё-ткі намерваецца неяк скарыстаць вайну... магчымую рэвалюцыйную сытуацыю...