Читать «Напісанае застаецца: Сучасная беларуская драматургія» онлайн - страница 13

Алесь Петрашкевіч

Скарына. У такім разе вам давядзецца праліць рэкі крыві...

Лютэр. Гэта мяне не спыніць! Калі спатрэбіцца, мяне не спыніць мора крыві!.. Погань, што падніме Мюнцэр супраць царквы і дзяржаўнасці, мы будзем біць, душыць, калоць, як шалёных сабак! Вы, русіны, любіце прымаўкі. У нас яны таксама ёсць. I я кідаю ў твар Мюнцэру: для грубага балвана патрабуецца і грубы клін. Я ствару ўласную інквізіцыю. Яна будзе выцягваць языкі з пашчы перахрышчэнцаў Мюнцэра і прыбіваць іх да шыбеніцы! Яна агнём і мячом вынішчыць плебейскі дух Мюнцэра!

Скарына. У такім выпадку я не бачу паслядоўнасці вашага вучэння і не разумею яго асновы...

Лютэр. Усё вельмі проста! Я замяню прынцып «апраўдання верай». Мой дэвіз: «Веру, каб разумець!» Пазавіце ваш дэвіз, доктар Скарына!

Скарына. Я не ксёндз, я не поп, наўрад ці стану калі-небудзь прэсвітэрам... I мой дэвіз: «Разумею, каб верыць!» Для мяне рэлігія — гэта споведзь самаўладнага чалавека, яго асабістая схільнасць. Для вас яна — вышэйшая амбіцыя хрысціяніна. Вы збіраецеся агнём і мячом вынішчыць Мюнцэравы камуны перахрышчэнцаў, а я кажу: і тыя, што памыляюцца, і сапраўдныя хрысціяне — дзеці аднаго Бога, і няма розніцы паміж імі. Мой тэзіс: «Бог адзін, а веры розныя». У вас жа супраць яго дзевяноста пяць тэзісаў. Я за пошук месца пад сонцам для ўсіх моў і супраць міжрэлігійнай рознасці, а вы...

Лютэр (перапыняе). I ўсё ж я спадзяюся, што вы, як чалавек вучоны і мудры, падтрымаеце маё вучэнне на Русі і ў Вялікім Княстве Літоўскім.

Скарына. Не буду вас абнадзейваць...

Лютэр. Але чаму, калі вы не хочаце крыві і разарэння свайго народа?

Скарына. А чаму вы ставіце лёс майго народа ў залежнасць ад сваіх амбіцый?

Лютэр. Гасподзь дараваў германскаму імператару дзяржаву, роўнай якой не бачыў ніхто з часоў Карла Вялікага. Германія на шляху да сусветнага панавання ў славу Божую і да ўз’яднання ўсяго хрысціянства пад скіпетрам адзінага пастыра. Гэта патрэбна Усёмагутнаму і Свяшчэннай Рымскай імперыі германскай нацыі.

Скарына. Вам, ваша светласць, давядзецца лічыцца з тым, што якраз гэта не патрэбна тым, хто жыве паміж Грунвальдам і Чудскім возерам, і не толькі.

Лютэр. Пра што гэта вы?..

Скарына. Я пра адвечную верацярпімасць і прыязнасць майго народа да іншых народаў і іх рэлігій, пра тое, чым мы можам ганарыцца. Вы, ваша светласць, як мне здаецца, намагаецеся разбурыць гэта. Сведкамі таму кастры, на якіх спальваюць людзей.

Лютэр. Людзей паліць папская інквізіцыя. Я перамагу яе!

Скарына. Пры дапамозе кастроў...

Лютэр. Мая вера іх не выключае, калі спатрэбяцца.

Скарына. У гэтым я вам не саюзнік. Мір і згода, асвета і навука — вось мая асабістая рэлігія, мой бог, мая вера! А прызначэнне чалавека на зямлі я бачу ў разумнай дзейнасці. Бо страшным можа быць розум, калі ён не служыць чалавеку.