Читать «Напісанае застаецца: Сучасная беларуская драматургія» онлайн - страница 15
Алесь Петрашкевіч
Лютэр (устае з крэсла). Вы, паважаны... абразілі мяне, у маім уласным доме!
Скарына (устае з крэсла). Вы, ваша светласць, двойчы абразілі майго друга і зрабілі гэта першым.
З’яўляецца Эльза з дзвюма шклянкамі вады на падносе. Лютэр стрымлівае свой гнеў, бярэ адну шклянку сам, другую перадае Скарыне. Эльза выходзіць. Скарына ставіць сваю шклянку на стол не адпіўшы.
Лютэр. Згодзен... Бадай што нам лепш стрымацца.
Скарына. Бадай што...
Лютэр (бадзёра, нібы нічога не здарылася). А можа, пераступім праз амбіцыі — вы праз сваю, а я праз сваю? Пазбегнем звады?! Я вам абсталюю друкарню, забяспечу паперай, дам кафедру ва ўніверсітэце, а вы мне ўзамен дружбу і адданасць. (Нібы жартам.) А хочаце, я за вас сваю пляменніцу Эльзу аддам? Чым не нявеста: набожная, маладая, прыгожая. Яна вам кучу дзяцей нараджае. А парадніўшыся, мы з вамі, доктар, многае маглі б перайначыць у гэтым грэшным свеце...
Скарына. Цаню нямецкую дзелавітасць, не маю падстаў сумнявацца ў вартасцях вашай пляменніцы, але не магу прыняць вашых прапаноў. Адналюб я і заручаны з другою.
Лютэр. Хто ж яна?
Скарына. Белая Русь.
Лютэр. Ну што ж, доктар, у такім разе я скажу тое, што вам належыць запомніць. (Садзіцца ў крэсла.)
Скарына. Пастараюся быць уважлівым. (Садзіцца ў крэсла.)
Лютэр (цвёрда і ўпэўнена). Вы, доктар Скарына, не любіце сваёй радзімы, не шкадуеце свайго народа, губіце сваю дзяржаву.
Скарына. А чаму гэта вас так непакоіць? I адкуль такое палымянае жаданне выратаваць мой народ, радзіму, дзяржаву?
Лютэр. Тое, што пачалося ў Германіі, у Вітэнбергу, уласна ў гэтым кабінеце і ў гэтай галаве (стукае па сваёй галаве), спыніць нельга. Пратэстанцтва, лютэранства ўжо хлынулі на Валынь, Галіцыю, у Вялікае Княства Літоўскае. Польшча, Курляндыя, Прусія, ваша Белая Русь ужо сталі надзейнымі плацдармамі, адкуль будзе наступаць маё вучэнне. Яго панясуць мае місіянеры, рамеснікі, купцы, мастакі, вучоныя, перасяленцы-лютэране і проста авантурысты. Без іх не абыходзіцца ў вялікай справе. Яны прыйдуць у вашы гарады і мястэчкі, заснуюць свае школы і секты. Ваш цёмны народ, духоўна абяззброены супраць новага, хоць і чужога вучэння, заглыне яго, як рыба жыўца. Папа Рымскі, ксяндзы і папы не пакінуць сваё стада. Яны будуць душыць, паліць і рэзаць ерэтыкоў-лютэран. Белая Русь пачарнее ад дыму кастроў, на якіх будуць гарэць людзі. Вашы людзі, доктар. Я шкадую, што вы некалькі хвілін таму не прынялі маёй рукі на дружбу і саюз, каб пазбегнуць лішніх ахвяр. Цяпер лічыце, што спазніліся. I ведаеце, што пакуль вы сядзелі ў Празе, мой верны воін Лісманіні ўжо вылучыўся ў Вільні сваім майстэрствам у пропаведзі лютэранства. Ваш ксёндз Кульва прапаведуе пратэстантызм. Тысячы католікаў і схізматыкаў на Белай Русі слухаюць майго вернага нунцыя Вінклера. А вы адмовіліся... Бедны народ!..
Скарына (устае з крэсла). Вы недаацэньваеце мой народ, яго патрыятычных перакананняў і высокага пачуцця ўласнай годнасці. Вы не ўлічваеце, што ён не сірата сярод чужынцаў, што ў яго, як ва ўсіх добрых людзей, ёсць браты. Вы не ведаеце і не ўяўляеце, што на Белай Русі выспелі перадумовы таго, каб застацца сабою і абараніць нашу годнасць, нашу веру і нашу Радзіму. Многія дзясяткі сыноў маёй зямлі набіраюцца сёння розуму ў Сарбоне і Оксфардзе, Кракаве і Падуі, Капенгагене і Карлавым універсітэце. Прыйдзе час, будуць у нас і свае друкарні, і свае ўніверсітэты, і жонку я сабе знайду сам. Вам жа ўдзячны за навуку... Ведайце, што ні вам, ні каталіцкаму Рыму не суджана зламаць нас духоўна і заняволіць фізічна! Мяняюцца часы, ваша светласць. (Дастае з-пад мантыі кніжку і з падкрэсленым паклонам перадае яе Лютэру.) А пакуль — прыміце на памяць аб сустрэчы... Гонар маю! (Выходзіць.)