Читать «Напісанае застаецца: Сучасная беларуская драматургія» онлайн - страница 14

Алесь Петрашкевіч

Лютэр. Вы пэўна чулі пра Эразма з Ротэрдама?

Скарына. Я ведаю Эразма.

Лютэр. Некаторыя ў нас лічаць яго кіраўніком еўрапейскай рэспублікі вучоных. Ці не хочаце вы стаць кіраўніком рэспублікі вучоных славян?

Скарына. А чаму вы рашылі, што я супраць гэтага?

Лютэр. Мяне заўсёды кранае славянская непасрэднасць.

Скарына. Вы мне таксама падабаецеся, хоць наўрад ці пасябруем мы.

Лютэр. Не будзем далёка загадваць, а я вам тым часам раскажу, як кёльнскія багасловы вызначылі суадносіны Эразм — Лютэр... Эразм знёс яйка, заўважылі яны, якое выседзеў Лютэр. Пазней Эразм адмовіўся ад куранят лютэраўскай пароды. Магчыма, калі вы, доктар Скарына, дажывяце да старасці, вам давядзецца таксама адмовіцца ад куранят, якіх выседзяць вашы нашчадкі.

Скарына. Выседзець куранят не штука. Відаць, таму ў нас звычайна іх лічаць пад восень... Ужо позні час. Я стаміў вас, ваша светласць. (Хоча ўстаць з крэсла.)

Лютэр (спыняе Скарыну). Дарэмна непакоіцеся, доктар. У мяне моцнае здароўе і шмат часу. Скажу шчыра, з вамі прыемна весці дыялог. Відаць, у вас былі неблагія настаўнікі?

Скарына (весела). Трэба быць дурнем, ваша светласць, каб не паразумнець, жывучы ў адзін час з вамі. Але калі б я быў на вашым месцы ці на месцы вашага антаганіста Папы Рымскага, я не адпускаў бы грахоў і не прадаваў індульгенцый тым людзям, што настойліва не разумнеюць, жывучы ў адну эпоху з Леанарда да Вінчы і Рафаэлем Санці, чытаючы Дантэ і Томаса Мора, Эразма з Ротэрдама... і Марціна Лютэра з Вітэнберга. Я мог бы назваць яшчэ нашага Максіма Грэка і вашага Томаса Мюнцэра, але вы яго не любіце.

Лютэр. Адзін мой памочнік неяк сказаў: мой патрон Лютэр так любіць Мюнцэра, як той яго шануе.

Скарына. У мудрага патрона мудрыя памочнікі.

Лютэр. Дзякую. Толькі вы забылі назваць сярод разумных Мікалая Каперніка. Кажуць, ён наважваецца даказаць, нібыта зямля рухаецца вакол сябе, а зусім не неба ці цвердзь нябесная, сонца і месяц рухаюцца над зямлёй.

Скарына. Так, Мікалай Капернік гэта даказаў ужо.

Лютэр (рагоча). Даказаў?! Дык гэта ж усё роўна, як бы хто сядзіць у каламажцы і ўяўляе, нібыта ён сам знаходзіцца ў спакоі, а зямля і дрэвы рухаюцца вакол яго.

Скарына. Відаць, у нас з вамі не стае прасторавага ўяўлення, каб зразумець гэта.

Лютэр. Даруйце, паважаны доктар, толькі справа, пэўна, выглядае такім чынам: хто хоча быць разумнікам, таму не падабаецца тое, што робяць іншыя: яму хочацца рабіць усё па-свойму; яму здаецца, што гэта і будзе самае лепшае. Гэты ваш дурань наважыўся перавярнуць усю навуку астраномію.

Скарына. Я прасіў бы вашу светласць!..

Лютэр (не зважае на папярэджанне). Але як сведчыць Святое Пісанне, Ісус Навін спыніў сонца, а не зямлю, як сцвярджае ваш разумны блазан.

Скарына. Ваша светласць, сёння, калі грыміць слава Хрыстафора Калумба і Фернанда Магелана, а заўтра — Мікалая Каперніка, для якіх стаў цесны прывычны «orbis terrarum», а «terra incognita» стала спакуслівай мэтай жыцця, быць прафесарам і сядзець пад цвердзю нябеснай ва ўласнай каламажцы я палічыў бы сорамам.