Читать «Напісанае застаецца: Сучасная беларуская драматургія» онлайн - страница 12
Алесь Петрашкевіч
Скарына (стрымана). Наколькі мне вядома, хваля Рэфармацыі пакуль што дакацілася толькі да Прагі...
Лютэр (стрымана). Не будзем спрачацца аб яе межах, хоць мне вельмі цікава пачуць іменна ад вас, што там у Празе?
Скарына. У Празе халера, ваша светласць...
Лютэр (не чакаў). Вы мудра зрабілі, доктар, збегшы адтуль...
Скарына. Я не збег, ваша светласць, і як доктар павінен быў быць зараз з маімі братамі...
Лютэр. Тады вам лепш вярнуцца і памерці разам з братамі...
Скарына. Справа ў тым, што прыйшоў час вярнуцца мне на радзіму сваю. I браты зрабілі ўсё магчымае, каб я без асаблівых прыгод мог трапіць на маю Белую Русь жывы і здаровы.
Лютэр. Белая Русь... Чуў, чуў. Дзікі лясны край, цёмныя людзі... Гэта недзе паміж Польшчай і Масковіяй?..
Скарына. Дакладней, гэта па дарозе ад Чудскага возера да Грунвальда...
Лютэр (зразумеў намёк). Бачу, вы любіце геаграфію?..
Скарына. Не ведаючы геаграфіі, не спасцігнеш гісторыі... А калі не ведаць гісторыі, то многае дзікім здаецца...
Лютэр (каб перавесці гаворку). Дарэчы, чаму для сваёй вучонай дзейнасці вы абралі іменна Прагу, а не наш, скажам, слаўны Вітэнберг з яго ўніверсітэтам, які сваёй вучонасцю засланіў сёння славу і Падуі, і Сарбоны, не кажучы ўжо пра Карлаў універсітэт у Празе?..
Скарына. У Празе нас лепш разумеюць... Мовы ў нас блізкія...
Лютэр. Не любіце вы нас, немцаў, і, між іншым, дарэмна...
Скарына. Дасць Бог, мы вас яшчэ палюбім...
Лютэр. А пакуль?..
Скарына. Пакуль мы больш-менш паспяхова ад вас абараняемся.
Лютэр. А вы калючы, хоць і ў гасцях...
Скарына. Калі быць занадта сціплым, то ваша светласць можа падумаць... У нас такі старадаўні звычай: без запрашэння ў госці не хадзіць...
Лютэр (пасля паўзы). Мне б хацелася больш пачуць ад вас аб Празе, да якой, як вы самі пераканаліся, дакацілася хваля майго вучэння.
Скарына. Гэта сапраўды так. Не даўней як на тым тыдні я слухаў у Празе вашага земляка Томаса Мюнцэра. Яго прамова сабрала многія тысячы сялян і гарадской беднаты! Першыя словы Томаса выклікалі такі выбух у натоўпе, што здалося, скалануліся званіцы сабораў...
Лютэр (ускоквае з крэсла, крычыць амаль істэрычна). Сабака! Здраднік! Перахрышчэнец пачварны! Ён паганіць самую ідэю лютэранства! Ён дыскрэдытуе маё імя! Ён хоча падняць чэрнь, якая змяце ўсё святое з твару зямлі. Азвярэлыя мужыкі, аб’яднаўшыся ў камуны, знішчаць гарады, замкі, княжацкія маёнткі, яны, як саранча, з’ядуць усё, што трапіцца на іх шляху! Яны самога Бога...
Уваходзіць Эльза і падае Лютэру шклянку вады. Ён адпівае, супакойваецца, садзіцца ў крэсла. Эльза выходзіць.
Скарына. Даруйце, ваша светласць, я, відаць, не ўсё разумею ў вашай барацьбе супраць папскага прастола...
Лютэр (ціха, зморана). Не прыкідвайцеся прасцячком, доктар! Вы не можаце не ведаць, што сучасная царква — гэта цудоўна абсталяваны прытон. Ад апошняга служкі касцёла да Папы Рымскага — усе разбэсціліся і разбэсцілі паству. Храмы пусцеюць, на святах, у паломніцтвах служкі Хрыстовы п’янствуюць і распуснічаюць. У царкву ідуць, каб пакрасавацца ўбраннем і паглядзець на прыгожых жанчын. (Узрываецца.) Я разбуру лжывую прыгажосць веры! Я надам ёй канкрэтна-пачуццёвы выгляд! Я зраблю яе даступнай, дамашняй!