Читать «Напісанае застаецца: Сучасная беларуская драматургія» онлайн - страница 11
Алесь Петрашкевіч
Кваліфікатар. Слухаю, святы айцец! (Выходзіць.)
Мануэла (капрызна). Калі нельга паэта, то давай спалім Кваліфікатара, каб не соўгаўся куды не трэба.
Нунцый (заклапочана). У другі раз, у другі раз, маё золатка... А пакуль Гасподзь і без таго міласціў: спачатку паслаў мне цябе, потым Кваліфікатара, а зараз і самога Скарыну.
Мануэла. Усё роўна Кваліфікатара трэба спаліць!..
Нунцый (ходзіць па келлі). Спалім, спалім... З Боскай дапамогай усіх, каго трэба, спалім...
IV
Лютэр у сваім пакоі прымервае прафесарскую мантыю. З’яўляецца Эльза.
Лютэр. Ну?
Эльза. Іахім тут, а госць чакае ўнізе.
Лютэр. Праводзь яго сюды.
Эльза затрымліваецца.
Што яшчэ, Эльза?
Эльза. Мануэла толькі што перадала: Нунцый зацікавіўся гэтым доктарам, яго спадарожніка інквізіцыя ўжо ўзяла.
Лютэр. Дзякую. (Цалуе Эльзу ў лоб.) Дзякую. Гэта надзвычай цікава. (Адлічвае некалькі манет.) Для Мануэлы.
З’яўляецца Іахім. Ён чуў апошнія словы Лютэра. Эльза выходзіць.
(Іахіму.) Будзь паблізу.
Іахім кланяецца Лютэру і знікае за парцьерай. З’яўляецца Скарына ў суправаджэнні Эльзы.
Скарына. Мір дому вашаму!
Лютэр. Блаславі вас Гасподзь, доктар Скарына. Вельмі, вельмі рады. Прашу вас... (Запрашае ў крэсла, сам садзіцца ў другое, разглядае Скарыну.)
Скарына (каб перапыніць доўгую паўзу). Вельмі крануты вашай увагай да маёй сціплай асобы.
Лютэр. Не трэба залішняй сціпласці, доктар, яна шкодзіць і, як вы зараз пераканаецеся, дазваляе мне на правах гаспадара адразу ж абвінаваціць вас...
Скарына. Калі ёсць мая віна, схіляю галаву...
Лютэр (пад добразычлівую ўсмешку). Як жа ёй не быць? Знакаміты рускі вучоны з’яўляецца ў самым дэмакратычным горадзе Еўропы, ці, як цяпер кажуць, у самым сэрцы Рэфармацыі, і, замест таго каб даць пра сябе вестку, інкогніта, на ўскрайку горада жыве ў нейкага Іахіма, не думаючы пра тое, што Марцін можа пакрыўдзіцца.
Скарына. Прымаю вашы абвінавачанні і хацеў бы...
Лютэр. Можаце называць мяне проста ваша светласць...
Скарына. Скажу шчыра, што яшчэ да сустрэчы з вамі я ведаў, што пры ўсёй сваёй добразычлівасці ваша светласць усё ж схільна да абвінавачанняў.
Лютэр (задаволены пачаткам размовы). Цяпер я бачу, што вы знаёмы з маімі дзевяноста пяццю тэзісамі супраць Папы Рымскага. Так, я сапраўды абвінавачваю, бо рымская царква — гэта пачварны прытон, бессаромная блудніца, і Папа Леў X такі ж ерэтык, як і яго паршывае воінства. I ён яшчэ смее выдаваць булу, у якой патрабуе спаліць мае сачыненні?! Папісты з задавальненнем спалілі б і самога Лютэра. Не супраць гэтага і наш імператар. I стрымлівае яго толькі тое, што многія нямецкія князі на маім баку. Ім абрыд імператар, абрыдла ўлада Паны, абрыдлі манастыры, абрыдлі гандляры індульгенцыямі, якія абіраюць нямецкую казну на карысць ненажэрнага Рыма! I я публічна ва ўніверсітэцкім двары спаліў папскую булу! Дагэтуль мая дзейнасць была толькі прэлюдыяй. Зараз я сур’ёзна бяруся за справу, і мяне нішто не спыніць. Я абраннік Божы! Маё слова — слова Гасподне! Хто не прыме майго вучэння, той не выратуецца. Я нямецкі прарок! Уся Германія пойдзе за мной па аднаму майму слову. Мы, немцы, народ грубы і жорсткі. З немцамі нялёгка пачынаць што-небудзь, але я іх прымушу. Да таго ж я ведаю, што маё вучэнне жыве сёння не толькі ў цэнтры Еўропы, але і магутнай хваляй дакацілася да Русі.