Читать «Напісанае застаецца: Сучасная беларуская драматургія» онлайн - страница 10

Алесь Петрашкевіч

Маргарыта. Так што кладзіся, Юраська, спаць; рана табе яшчэ з лютэрамі сустракацца.

Адвернік. Жанчына, не блытайся пад нагамі!

Скарына. Па-трэцяе, вазы трэба пільнаваць. Ці мала што...

Мсціславец. Сапраўды, пра гэта мы не падумалі...

Скарына. Тады падумайце, а я пайшоў. (Выходзіць.)

Маргарыта благаслаўляе яго.

Мсціславец. А што, як раптам...

Адвернік. А што можа быць раптам?

Мсціславец (хітра). Той са шпагаю, а вы адзін...

Адвернік. Зялёны ты яшчэ з мяне кпіць. Лезь на палаці, і цыц! I ты, Маргарыта, кладзіся. А то сядзіш да поўначы і глядзіш на Францыска як зачараваная... Аж няёмка...

Маргарыта (з усмешкай). Каму няёмка?..

Адвернік (не адразу). I яму... і мне.

Маргарыта. А-а-а...

Адвернік. Б-э-э...

Маргарыта. А ты шпурні яму рукавіцу. Во будзе смеху.

Адвернік. У бабы бабскія размовы. I бяры вас пасля гэтага ў дарогу! Хоць бы хлапчука пасаромелася.

Мсціславец. Кіньце вы, дзядзька Юрась. Я не жанчына і то палюбіў яго.

Маргарыта (весела смяецца). Ай ды хлапчук! Ай ды малайчына!

Адвернік (строга). Сказаў — хопіць, значыцца, хопіць. (Бярэ шапку.) Пайду вазы пагляджу. (Выходзіць.)

Як толькі Адвернік з’яўляецца на прасцэніуме, на яго накідваюцца два стражнікі, скручваюць рукі, надзяваюць на галаву мяшок і валакуць за сабой. Iахім неўзаметку назірае за гэтым.

III

Частка вузкай келлі адгароджана шырмай. На жэрдцы, што яе падтрымлівае, вісяць мужчынская сутана і адзенне манашкі. Перад шырмай — невысокі стол. На ім віно і розныя стравы. За шырмай смех, шорах. Мужчынская рука забірае бутэльку.

У келлю ўваходзіць Кваліфікатар са стосам скарынінскіх кніг.

Голас з-за шырмы: «Хто?»

Кваліфікатар (незадаволена). Хто?! Кваліфікатар святога судзілішча, святы айцец.

З-за шырмы высоўваецца напалову распрануты Нунцый.

Нунцый. А ты не думаеш, Кваліфікатар, што пасля гэтага візіту я павінен буду спаліць цябе на кастры за нагавор на Нунцыя, які нібыта схільны да грэхападзення?.. (Знікае за шырмай і сцягвае з жэрдкі сутану.)

Кваліфікатар. Усе пад Богам ходзім. Толькі данос у мяне надзвычайнай важнасці, святы айцец. Францыск Скарына Рус, з якім вы так хацелі сустрэцца ў Празе, з’явіўся ў Вітэнбергу ў карчме нашага даносчыка Джавані, каторы зараз Іахім. Лютэр не стаў чакаць раніцы і паслаў па Скарыну ў карчму... А гэта кнігі доктара Скарыны.

Нунцый выбягае з-за шырмы, апранаючыся на хаду.

Нунцый. Не ў час ты, Кваліфікатар, не ў час, але з навіною радаснай! Пра тое, што будуць гаварыць Скарына з Лютэрам...

Кваліфікатар. Вы будзеце ведаць усё, святы айцец. Але...

Нунцый. Інквізіцыя не церпіць ніякіх «але»!

Кваліфікатар. У горадзе аб’явіўся некі Мікалай Гусавіяні. Піша вершы, п’е віно, нанёс візіт Скарыне і выклікаў на дуэль яго спадарожніка.

З-за шырмы выходзіць Мануэла, зашпільваючы гузікі.

Мануэла. Ой, як гэта цікава! (Нунцыю.) Можа, возьмем абодвух? У нашай катавальні яшчэ ніколі не падсмажвалі паэтаў.

Кваліфікатар. Аднаго ўжо ўзялі.

Нунцый. Дык вазьміце і другога. (Іранічна.) Цябе ж дама просіць.

Кваліфікатар. Другі едзе з польскім пасольствам ад яго святасці Папы.

Нунцый (катэгарычна). Другога не браць! Ідзіце!