Читать «Напісанае застаецца: Сучасная беларуская драматургія» онлайн - страница 114
Алесь Петрашкевіч
Амелія тым часам падносіць разгорнутую кнігу да свечкі, падпальвае і кідаеў камін. Нікітрон, пералічваючы імёны сваіх братоў, занадта позна заўважае гэта.
Няшчасная, што ты нарабіла! Я не паспеў сказаць табе: таго, хто знішчыць чароўную кнігу, чакае смерць!
Амелія (глядзіць на дагараючую кнігу). Я ўсё роўна спаліла б яе... Ах!..
Амелія знясілена хістаецца, Нікітрон хоча падтрымаць яе, але тут дзверы адчыняюцца і ў вітальню ўваходзіць прамоклы шляхціц Завальня з ліхтаром у руках. Нікітрон адыходзіць у глыб пакоя, і Завальня не заўважае яго.
Завальня. Што з табой, Амелія?
Падбягае да Амеліі, але не паспявае падхапіць яе, і тая, страчваючы сілы, апускаецца на падлогу. Завальня нахіляецца, прыўзнімае Амелію, абняўшы яе за плечы.
Табе блага, дачушка?
Амелія. Я спаліла кнігу Чарнакніжніка і цяпер паміраю... Але скажыце, дзядзечка, гэта дапаможа Альберту?
Завальня. Твае пакуты, тваё каханне, дзіця маё, вымольваюць у Бога выбачэнне ягоных грахоў...
Амелія памірае на руках у шляхціца Завальні.
О, Божа, яна памерла!
Нікітрон (глядзіць угару). Яе душа ляціць на нябёсы так хутка, што нават мне, духу агню, яе не дагнаць. (Знікае.)
Заслона
Карціна сёмая
Тае ж начы на замчышчы. Святло ліхтара ў руках пана Альберт а выхоплівае з цемры постаці Тамаша і Карпы, якія, адкінуўшы ўбок рыдлёўкі, нешта намацваюць і шукаюць у разрытай яміне. З-за спіны пана Альберта назірае за вынікам пошукаў Чарнакніжнік.
Альберт. Ну што вы там марудзіце! Хвіліну назад я выразна чуў, як рыдлёўка скрабнула па жалезе. Мусіць, гэта куфар з золатам і каштоўнымі каменнямі!
Карпа. Не, гаспадар. Гэта цяжкі жалезны панцыр, які прыкрывае грудзі шкілета, а побач ляжаць іржавы меч і шалом. Паўсюль тут шкілеты: косці іх рук і ног у цяжкіх кайданах.
Тамаш. Бог не даруе нам здзек над магіламі гэтых няшчасных. Няма тут, паночку, ніякага скарбу, а калі ёсць — дык зачараваны, яго немагчыма дастаць, бо ён будзе ўсё глыбей і глыбей апускацца ў зямлю.
Альберт. Брыдка слухаць тую лухту, якую ты пляцеш, неразумны мужык!
Тамаш (упарта). А яшчэ я чуў, што недзе дасталі з зямлі зачараваны скарб і калі нехта ўзяў адтуль толькі пенязь, таму чалавеку нейкая невядомая хвароба скруціла абедзве рукі.
Альберт. Мне ніякі пенязь не зашкодзіць. Бяры рыдлёўку і выкідвай з яміны гэтыя спарахнелыя косці да д'ябла!
Пры гэтых словах пана Альберта магутныя грымоты скаланаюць зямлю, яркая маланка асвятляе велічную постаць кабеты ў белым як снег строі з чорным уборам на галаве, у чорным плашчы на плячах. Кабета трымае ў руках агнёвы меч, які рассякае паветра.
Плачка. Нікчэмныя стварэнні! Золату і срэбру прадалі вы свае душы. Думаючы адно пра багацце, вы зняважылі прах героя, які са славаю скончыў тут сваё жыццё. Прыйдзе час узняцца з магіл мёртвым і вы будзеце зганьбаваныя перад усім светам!
На Чарнакніжніка грымоты, маланкі і словы Плачкі аказваюць жахлівае ўздзеянне.
Пры кожным раскаце цела яго працінае сутарга, твар перакошваецца ад страху, злосці і бездапаможнасці. Спачатку ён спрабуе схавацца сярод руінаў, пасля — абяртаецца ў крумкача... Але Плачка ўзнімае агнёвы меч, з неба спадае імклівая маланка і спапяляе чорную птушку.