Читать «Напісанае застаецца: Сучасная беларуская драматургія» онлайн - страница 113

Алесь Петрашкевіч

Нікітрон (абурана). З такой просьбай ты звяртаешся да мяне, духа агню, утаймаванага Чарнакніжнікам дзеля таго, каб насылаць на людзей хваробы і няшчасці?!

Амелія (холадна). Калі ты не хочаш і не можаш рабіць дабро,— вяртайся туды, адкуль прыйшоў. Я шкадую, што выпадкова цябе патурбавала.

Нікітрон (рагоча). Ты шкадуеш і думаеш — гэтага дастаткова? (Урачыста.) Ведай жа: калі ты выклікала мяне і нічога не загадала,— я вымушаны забіць цябе.

Амелія (абыякава). Забі.

Нікітрон (расчараваны абыякавасцю Амеліі). Ты не баішся смерці, няшчасная?

Амелія. Пасля таго, што я даведалася, я не хачу жыць. Калі ты заб'еш мяне — ты зробіш добрую справу.

Нікітрон (аслупянела). Што?! Я зраблю добрую справу? Яле гэта немагчыма.

Амелія. Аказваецца — магчыма.

Нікітрон (у нерашучасці). Як жа быць? Забіць — нельга, не забіць — таксама нельга. Што б тут загадаў Чарнакніжнік?

Амелія (задумліва). Нікітрон, а чаму ты служыш Чарнакніжніку?

Нікітрон. Таму што ён — гаспадар гэтае кнігі, а ў кнізе напісаны заклінанні, якім падпарадкоўваюся я і сем маіх братоў: Ярон, Ірон, Кітрон, Фараон, Фаразон, Лідон і Сталідон. (Узрадавана.) Слухай, жанчына, прачытай заклінанне і выклічы аднаго з маіх братоў — няхай ён з табой разбіраецца!

Амелія. Твае браты таксама не могуць рабіць добрых спраў?

Нікітрон. Мы можам рабіць толькі тое, што напісана ў гэтай кнізе. А ў кнізе нічога не напісана пра добрыя справы, яна створана для зла.

Амелія. Не, не хачу я выклікаць тваіх братоў... Нікітрон, а чым вы займаліся да таго, як была напісана гэтая кніга?

Нікітрон. О, шчаслівыя то былі часы! Мы лёталі ў касмічных сферах, сярод зорак і планетаў, дзе няма ні дабра, ні зла, зямныя справы нас не датычылі, і мы пачуваліся свабоднымі.

Амелія. Значыць, трэба знішчыць жудасную кнігу і ты зноў станеш свабодным.

Нікітрон. Гэта было б цудоўна, толькі хто ж адважыцца на такое?

Амелія. Ну вось я вазьму зараз і спалю яе. (Падносіць раскрытую кнігу да свечкі.)

Нікітрон (спыняе Амелію). Пачакай, неразумная жанчына!.. Кніга згарыць, але, па-першае, Чарнакніжнік можа аднавіць заклінанні і напісаць новую кнігу, а па-другое...

Амелія. Што — па-другое? Кажы, чаму змоўк?

Раптоўна магутныя грымоты скаланаюць дом, на двары ўсчынаецца навальніца. Невядома скуль на стол спадае некалькі чорных крумкачыных пёраў, апаленых і смярдзючых.

Голас Плачкі (рэхам). Нікчэмныя стварэнні... нікчэмныя стварэнні... кожны з вас будзе пакараны... адпаведна сваім грахам і ўчынкам... Адпаведна сваім грахам і ўчынкам...

Голас Тамаша (рэхам). Божая кара... Божая кара нарэшце напаткала злога Чарнакніжніка і варажбіта... Чарнакніжніка і варажбіта...

Амелія (заціскае вушы). Што гэта, Нікітрон?

Нікітрон бярэ са стала крумкачыныя пёры, разглядае іх, паказвае Амеліі.

Нікітрон. На небе ёсць перуны, магутнейшыя за Чарнакніжніка, мусіць, яны спапялілі яго. (Звяртаецца ў прастору.) О, браты мае, Ярон, Ірон, Кітрон, Фараон, Фаразон, Лідон, Сталідон! Няма ўжо таго варажбіта, што пры дапамозе заклінанняў зняволіў нас і прымушаў выконваць сваю волю!..