Читать «Напісанае застаецца: Сучасная беларуская драматургія» онлайн - страница 115

Алесь Петрашкевіч

Спалоханы Карпа ніцма падае на зямлю. Пан Альберт слупянее і страчвае мову. Тамаш богабаязна жагнаецца.

Голас Амеліі (рэхам). Што гэта, Нікітрон?.. што гэта, Нікітрон...

Голас Нікітрона (рэхам). На небе ёсць перуны, магутнейшыя за Чарнакніжніка... на небе ёсць перуны, магутнейшыя за Чарнакніжніка...

Тамаш. Божая кара нарэшце напаткала злога Чарнакніжніка і варажбіта!

Плачка (звяртаецца да людзей, гнеўна). Шукаеце скарбаў у маім падземным палацы? Ад вашае хцівасці нідзе мне няма спакою. Няхай кожны з вас будзе пакараны адпаведна сваім грахам і ўчынкам!

Тамаш. Прабач мне, высакародная пані Плачка! Я не прагнуў багацця, не хацеў скарбаў — злая воля гаспадара прывяла мяне на замчышча.

Плачка (да пана Альберта). О, няшчасны! Ты ўчыніў здзек над магіламі бацькоў, ты ўвайшоў у змову з ворагам і здрадзіў айчыне, зняславіў імя сваіх продкаў. Прагнуў раскошы і прывіднага багацця і не заўважыў побач з табой багацця сапраўднага — шчырага, адданага кахання. Жыў як вар'ят, дык стань жа сапраўдным вар'ятам да канца дзён сваіх!

Пан Альберт з роспачным крыкам кідаецца прэч з замчышча.

(Да Карпы.) Ты, служка, варты свайго гаспадара, хацеў купіць каханне за грошы і прадаў дзеля гэтага сваю нікчэмную душу д'яблу. Вяртайся ж дадому і даведайся, што ўчыніла ганарлівая дзяўчына, дзеля якой ты загубіў сваю душу.

Карпа ўзнімаецца з зямлі і панура брыдзе ўслед за панам Альбертам. (Да Тамаша.) Дарую табе, бо прыйшоў ты сюды не па сваёй волі. Ідзі і скажы прагным да багацця людзям: «Не дадуць вам шчасця скарбы, калі міласэрнасць не змякчыць вашае сэрца». А сумленным, цнатлівым сынам маім скажы, што насоўваецца на наш край чорная хмара і толькі мужнасць і любоў да бацькаўшчыны дапамогуць выстаяць на гэтай зямлі сярод няшчасцяў і прыгнёту.

Тамаш схіляецца ў паклоне і пакідае замчышча.

Няма каму даверыць таямніцу сэрца майго!

Захутваецца ў чорны плашч і знікае сярод руінаў.

Заслона

Карціна восьмая

Вітальня панскага дома ў маёнтку Магільна праз месяц. Шляхціц Завальня збіраецца ў дарогу, аглядае шаблю і пісталеты. Селянін Тамаш дапамагае яму сабраць немудрагелістыя рэчы.

Тамаш. Ах, пане дабрадзею, на каго вы пакідаеде гэты дом, дзе раскашуюць няшчасді і смерць? Звар'яцелы гаспадар сядзіць нерухомы ў сваім пакоі і размаўляе толькі з ценем на сцяне. Добрая душа пані Амеліі не знайшла шчасця на зямлі і паспяшалася на нябёсы. Агапка збегла з нейкім малойцам, а Карпа, калі даведаўся пра гэта, павесіўся ў стайні.

Завальня. Не вярэдзь раны майго сэрца, Тамаш. Шкада мне пана Альберта, хаця і справядліва пакараны ён Богам за свае цяжкія грахі. А няшчасная пані Амелія, цнатлівая і светлая, бы анёлак, яна за што пакутавала? Цяжка ўспомніць, што адбывалася ў гэтым доме. (Уздыхае.) Але яшчэ цяжэй чуць пра жахлівыя падзеі за яго сценамі. Спраўдзіліся папярэджанні Плачкі: ваяры Белае Сарокі ўварваліся ў наш край, рабуюць і забіваюць людзей, апаганьваюць святыні. А заможныя паны толькі пра тое дбаюць, каб застацца пры багацці і раскошы, ашукваюць блізкіх і саміх сябе, балбочуць пра веру і любоў да бацькаўшчыны, а самі пільнуюць зручнага моманту, каб з выгадай перайсці на бок ворага. Ці ж можна ў такі час заставацца дома шляхціцу, рукі якога яшчэ не развучыліся трымаць зброю?