Читать «Напісанае застаецца: Сучасная беларуская драматургія» онлайн - страница 112

Алесь Петрашкевіч

Агапка (хістаецца). Спакуслівая твая прапанова, і, прызнаюся, сзрца маё салодка замірае ў прадчуванні шчасця, калі я слухаю твае абяцанні!

Цмок. Ты маладая, прыгожая, спадзяюся, што і разумная. Пачынай жа сама гаспадарыць, а я буду дапамагаць табе, і мы здзівім свет!

Цмок дастае жменю пярсцёнкаў, завушніц, пацеркаў і ўпрыгожвае Агапку.

Агапка (у захапленні). Ах, я гатова ісці за табой хоць на край зямлі!

Цмок (задаволена рагоча). Пад зямлю! Пад зямлю!

Дамогшыся свайго, Цмок хапае Агапку і знікае разам з ёй у слуле дыму, з якога з'явіўся. Як заўсёды ў падобных выпадках, пахне серай і першародным грахом. З свайго пакоя выходзіць устрывожаная пані Амелія.

Амелія. Агапка! Дзе ты, Агапка? (Аглядае апусцелы пакой.) Дзіўна, пабудзіў мяне голас Агапкі, падалося, што яна размаўляе з кімсьці ў вітальні. Але тут нікога няма. (Уздрыгвае ад холаду, зноў азіраецца.) Такое адчуванне, нібы я засталася адна ва ўсім доме.

Пані Амелія бярэ са стала свечку і ідзе ў пакоі пана Альберта. Затым абыходзіць усе астатнія пакоі, раз-пораз з'яўляючыся ў вітальні. Нарэшце спыняецца ў нерашучасці перад чорнымі дзвярыма.

Што здарылася? У такі позні час няма ні служак, ні Альберта. Можа, ён у гэтым жахлівым пакоі, куды забараніў мне ўваходзіць?

Павагаўшыся, пані Амелія прыадчыняе чорныя дэверы і зазірае ў пакой. Нясмела ўваходзіць, праз нейкі момант вяртаецца з вялізнай, у старадаўняй вокладцы, кнігай.

Стаўляе свечку на стол, кладзе кнігу.

I там нікога няма. Але што за дзіўны пакой — увесь застаўлены шклянкамі з нейкімі вадкасцямі, посудам з парашкамі, а на стале ляжала гэтая старадаўняя кніга. Альберт не казаў мне, што цікавіцца навукамі і чытае кнігі. (Разгортвае кнігу.) Першы раз у жыцці бачу белы друк на чорнай паперы. Цікава, пра што напісана ў гэтай кнізе? (Чытае ўголас.)

«Дух Нікітрон, пакінь агонь, да мяне з'явіся, чалавекам абярніся!» (Спалохана.) Ой, што я чытаю!

Полымя свечкі, што стаіць на стале, раптоўна ўзнімаецца высока ўгору, з яго ўзнікае лёгкая і гнуткая чалавечая постаць, саскоквае на падлогу, і вось ужо над Амеліяй узвышаецца вялізны мурын у пунсовай вопратцы. Ад нечаканасці Амелія ледзь не страчвае прытомнасць і падае ў крэсла.

Нікітрон. Навошта ты выклікала мяне, няшчасная?

Амелія. Я не хацела, гэта атрымалася выпадкова...

Нікітрон. Ты ўзяла кнігу варажбіта, прачытала магічнае заклінанне — і вось я з'явіўся. Кажы, чаго хочаш?

Амелія. Ты — Нікітрон?

Нікітрон. Так, я дух агню Нікітрон. А ты — Амелія. Я ведаю цябе, бо дапамагаў Чарнакніжніку наслаць на цябе той дзіўны сон, паверыўшы якому, ты выйшла замуж за тутэйшага гаспадара?

Амелія (закрывае твар рукамі). Ах, які брудны падман! Я думала, што сапраўды мая дапамога, маё каханне выратуюць Альберта, што выходжу за яго па Божай волі...

Нікітрон. Не згадвай пры мне Бога, жанчына! Кажы хутчэй, якое ўчыніць зло, і я выканаю тваё жаданне.

Амелія (адымае рукі ад твару). Учыніць зло? Навошта? Калі ты хочаш для мяне нешта зрабіць,— вярні мне Альберта, прасвятлі яго розум, змякчы сэрца.