Читать «Напісанае застаецца: Сучасная беларуская драматургія» онлайн - страница 116
Алесь Петрашкевіч
Тамаш. Што будзе з намі ўсімі, васпане, з нашай зямлёй, жыццём, верай? Няўжо няма ніякіх надзей на лепшае?
Завальня. Шмат наш край зазнаў розных пераменаў шчасця і няшчасця. Веру, што знікнуць чорныя хмары, закрасуе вясна, прыйдзе радасць і на нашыя лугі і палеткі. Вось толькі ці дажывём мы да таго часу, ці нашыя дзеці, ці ўнукі — не ведаю... Аднак, Тамаш, развітаюся з табой. Аддаю сваё жыццё ў божыя рукі. Можа, і давядзецца яшчэ пабачыцца на гэтай зямлі. Пакідаючы на цябе хворага пана Альберта, спадзяюся на тваю цярплівасць і міласэрнасць.
Тамаш. Няхай дапамагае вам Езус Хрыстус і Матка Боска! А я праводжу вас да ваколіцы, пане Завальня.
Альберт. Бачыце слёзы на маіх вачах? Іх вы раней ніколі не бачылі, вось якая перамена са мною. Цяпер іншыя маю погляды: тады б чалавек мог зрабіцца шчаслівым, калі б ператварыўся ў камень, калі б засыпаў яго пясок і нічога б не чуў і не бачыў, што дзеецца на свеце. Распавёў бы вам шмат, але баюся, бачыце: мухі ўсюды вакол нас лётаюць. Гэтыя прыкрыя стварэнні залятаюць і вылятаюць у адчыненае акно. Яны ўсё разнясуць па свеце, што ў нас чыніцца, як жывём, пра што гаворым, дзе і як молімся. А вы не зважалі, якія гэтыя мухі страшныя? Я сяджу самотны ў сваім пакоі, а яны снуюцца вакол, са страхам паглядаю на іх, бо бачу, як яны перамяняюцца ў дзіўных монстраў, гэтыя іх страшныя крылы здаюцца фракамі на нязграбных людзях, а твары іхнія размаітае формы: адны круглыя, шырокія, з крывымі плямамі, другія — сухія з востраю бародкаю і доўгімі валасамі. I ўсе гэтыя страшыдлы глядзяць на мяне: адны здзекліва, другія пагрозліва. Мухі, мухі, паўсюль гэтыя мухі...
Я ўбачыў недалёка ад дарогі яшчэ нейкіх жахлівых звяроў і закрычаў: «Амелія, давай вернемся дахаты. Нас напаткала цёмная ноч, а падарожжа небяспечнае». Яна адказала мне, плачучы...