Читать «Напісанае застаецца» онлайн - страница 6

Алесь Петрашкевіч

Гусоўскі. Францыск, дзе ты сабе такога разумніка ўзяў?..

Мсціславец. А настаўнік Францыск і сам у Марка Аўрэлія вучыўся не рабіць нічога без прычыны і мэты, а па-другое, не рабіць нічога, што не клалася б на карысць людской грамады.

Скарына. Як бачыш, багаты я сябрамі вернымі і настаўнікамі слаўнымі. Шчаслівы сустрэчай з табой, дружа. Бо толькі тады чалавек шчаслівы, калі лічыць сябе шчаслівым. А чым засмучаны, таго ўсё роўна не пералічыш… Хіба і ўся споведзь…

Мсціславец. Настаўнік Францыск у нас міласнік навукі і мудрасці…

Скарына жартам дае Пятру па патыліцы.

Мы ў прадмове так і напісалі (цытуе): «…бо выбраў пакінуць у навуцы і ў кнігах вечную славу і памяць сваю, а не ў вялікіх багаццях».

Адвернік. Малайчына! Калі ўжо і падаваць тавар, то лепшым бокам…

Мсціславец. А наш настаўнік з усіх бакоў…

Скарына. Не сябры, а лісліўцы… Хіба ж так можна?

Адвернік. Можна, Францыск, можна! Хто ж нас у гэтым вялікім свеце заўважыць, калі мы яшчэ самі сябе прыніжаць будзем. Дай час, на ўвесь рост станем! А пакуль, Пётра, нясі сюды першую, але вялікую справу рук яго і розуму светлага!

Мсціславец (выходзячы). Усю несці?

Адвернік. А чаго скупіцца? Свая работа, а не з чужых рук!

Мсціславец выходзіць.

Скарына. Даруй, Мікола, мы табе і рота адкрыць не даём. Дзе ты цяпер? Адкуль і куды? Як жывеш і пры кім служыш? Якімі вятрамі занесла цябе ў Нямеччыну?..

Адвернік (голасам Скарыны). Так што адказвай, Мікола, сябру свайму Францыску: чым багаты? чым слаўны? чым шчаслівы і засмучаны чым?..

Гусоўскі (праз доўгую паўзу). Хачу быць багатым, а жыву бедна. Люблю славу, а яна мяне абыходзіць. Хачу шчасця, ды не маю. Хачу быць самім сабою, а з’яўляюся сродкам для выявы іншых. Хачу чыстага неба над галавою, а дыхаць даводзіцца смуродам ад кастроў, на якіх паляць людзей. Хачу бачыць роднае жытняе поле ўстаўленым умалотнымі снапамі, а бачу яго здратаваным і заваленым мёртвымі братамі сваімі…

Адвернік. Загадкамі гаворыш, братка. Давай ясней…

Уваходзіць Мсціславец. У руках у яго стос кніг у прыгожых скураных вокладках. Знянацку ён сутыкаецца з Iахімам, і кнігі падаюць на падлогу. Адвернік ледзьве стрымлівае злосць і дапамагае Мсціслаўцу сабраць кнігі.

Мсціславец. Падняць цяжка, а несці прыемна…

Скарына (задаволена). Добра сказана!

Мсціславец. Дакраніцеся, пагартайце. (Падае кнігу.)

Гусоўскі (адкідае вокладку, у захапленні). Псалтыр?! (Чытае.) «…Там ест справедливость, там ест чистота, душевная и телесная. Там ест наука всякое правды. Там мудрость и разум совершенный. Там ест милость и друголюбство без ильсти; и вси иные добрые нравы, якобы со источника оттоле походять…»

Скарына (перахоплівае і прадаўжае па памяці). «И видечи таковые пожитки в так малой книзе, я, Францишек, Скоринин сын с Полоцька-града, в лекарских науках доктор, повелел есми Псалтырю тиснути рускими словами, а словенским языком напред ко чти и к похвале Богу во троици единому и пречистой его матери Марии, и всем небесным чином, святым и светицам Божиим, а потом к пожитку посполитого доброго, с тое причины, иже мя милостивый Бог с того языка на свет пустил…» «Без мудрости и без добрых обычаев не ест мощно почстиве жити людем посполите на земли…»