Читать «На ростанях» онлайн - страница 7

Якуб Колас

Нізкае сонца ледзь прабілася скрозь макушы лесу. Неба праяснялася, падыхаў усходні вецер; лёгкі марозік зацягаў лужынкі тонкай пялёнкай лёду. Вісеўшы ўсе гэтыя дні туман развеяўся, усюды пасвятлела і павесялела. Нават гэты пануры лес крыху праясніўся і меў больш прыветны выгляд.

— Го, падмарожваць пачало! — весела прамовіў паляшук Сцяпан Рылка і саскочыў з драбінак, выламаў лазіну і хвасянуў ёй свайго худога, але даволі шпаркага коніка.

— Эх, і лесу ж у вас многа! — сказаў настаўнік, каб разгаварыцца з палешуком і пазнаёміцца з ім бліжэй.

— О, лесу ў нас многа! — пацвердзіў паляшук і павярнуў твар да настаўніка.— Гэта вось цяпер, як правялі тут чыгунку, яго пачалі зводзіць, а даўней лес зусім не такі быў. I звяр’я было многа. Каля нашай вёскі мядзведзі вадзіліся. Яшчэ бацька нашага старасты, ведаеш, можа? — стары Грыгор, даўнейшага закалу чалавек! — жывога медзвядзёнка з лесу прынёс, ад мядзведзіцы адабраў!

— Як жа гэта ён?

— А Бог яго ведае. Смелы. Дый здаровы, як дуб. Дарма што яму цяпер семдзесят год, а як забушуе часам у хаце Раман, яго сын, стараста наш, то стары, бывае, не вытрымае, возьме яго на рукі, як хлапчанё, і зараз жа ўціхамірыць, хоць Раман і не ўломак. Вось як! I завезлі таго медзвядзёнка графу Патоцкаму. Дазвол далі Грыгору паляваць у графскіх лясах, яшчэ і пораху і шроту выдалі.

— А цяпер мядзведзяў тут няма?

— Не, няма: перавяліся. Туды далей, пад Татарку, сышлі, дзе месца глушэй і лесу болей і дзе меней заглядае вока людское... Забараняць пачалі па лесе са стрэльбаю хадзіць, леснікоў паставілі, законы строгія пайшлі. Але і лес нішчыцца, і звер зводзіцца.

— А я чуў, што тут яшчэ многа зверыны.

— Ёсць, праўда, але хіба столькі, як даўней? Бабры тут калісь вадзіліся. Яшчэ і цяпер дзе-нідзе можна бачыць сляды іх будынін... На ўсё пайшоў звод,— з нейкай маркотай заключыў паляшук і змоўк, аб чымсі задумаўшыся.

— Так, дзядзька Сцяпан: жыццё не стаіць на месцы і ўсё на свеце змяняецца. Вось у вас чыгунку правялі, заработкаў прыбавілася, гандаль шпарчэй пайшоў, новыя людзі з’явіліся. Яшчэ тры гады таму назад у вас і школкі не было, цяпер пабудавалі школу, вашы дзеці вучыцца будуць, граматнымі стануць, будуць кнігі, часопісы чытаць, навучацца, як лепей каля зямлі хадзіць, каб карысці з яе болей было, бо ўсё ж паляпшэнне ў жыцці ад навукі ідзе. Пэўна, і вы, дзядзька Сцяпан, маеце дзетак, якіх трэба ў школцы вучыць?

— Ёсць Іван і Пятрук, самыя шкаляры,— уздыхнуў паляшук.

У яго адказе настаўнік пачуў нотку нездавальнення, што яго хлопцам прыходзіцца ў школу ісці.

Настаўнік з цікавасцю назіраў за палешуком. Яму падабалася паляшуцкая вопратка дзядзькі: чорная выцвіўшая суконная світка, пашытая да стану, шырокі, у чырвоныя палоскі даматканы пояс і шапка-кучомка свайго вырабу. Доўгія, як у папа, цёмна-русыя валасы, светла-шэрыя вочы, сярэдні рост, шырокія плечы, павольнасць руху і нейкая сур’ёзнасць выразу твару як не трэба лепей стасаваліся з агульным малюнкам палескай прыроды.