Читать «На ростанях» онлайн - страница 6

Якуб Колас

«Я чагось не ўзяў пад увагу, нейкі вобраз ці думка проста зніклі з памяці, і ад таго факт гэты мне здаецца крыху незразумелым і дзіўным, хоць, наогул сказаўшы, на свеце нічога дзіўнага няма».

А гадзіннік на сцяне несупынна вёў сваю справу: размерна ківаўся хадун-маятнік і кожны свой крок адзначаў кароткім «так-так!», усё так жа рыпеў перад тым, як прабіць, і ў свой час меладычна званіў.

Лабановіч патушыў лямпу.

Цемра і ціш напоўнілі маленькі пакойчык. З двара ў акно пазірала чорная ноч і завешанае густымі хмарамі-валокнамі цёмнае неба. Было ціха і глуха. Праз некалькі хвілін каля дзвярэй у кухню скрабнула мышка. Як відаць, яна знайшла дзесь скарыначку хлеба і барабаніла ёю аб падлогу.

Лабановіч стараўся заснуць, але яму штось не спалася. Як толькі заплюшчыў вочы, перад ім, як жывы, усплыў малюнак дарогі, якою ён ехаў да станцыі: несканчоныя балоты і цэлыя статкі стажкоў на іх, грэблі, брады, старыя хвоі, што горда ўзвышалі свае макушы над лесам, і наогул увесь гэты краявід, поўны свайго асаблівага хараства і невыразнай цікавасці... «Калі хворы чалавек пачынае думаць аб вялікай дарозе, то гэта ёсць прымета таго, што гэты чалавек не ачуняе»,— прыпомнілася невядома калі і дзе і кім выказаная думка.

«Усё гэта — глупства»,— падумаў настаўнік і павярнуўся на другі бок.

III

У нядзельку раненька, ледзь толькі зайграла чырвань на ўсходзе, Лабановіч сядзеў ужо на сене ў драбінах і выязджаў з вёскі. Невялічкая вёска ў адну вуліцу выглядала непрыветна і непрытульна. На ўсім ляжала пячаць нядбаласці і нейкай недаробленасці, як бы тутэйшыя гаспадары будаваліся на скорую руку і ўсё рабілі да часу і яшчэ не ўправіліся даць той лад і парадак, якім, наогул, адзначаецца беларуская вёска. Вуліца была роўная і шырокая. Амаль што не каля кожнай хаты ляжалі кучы бярвенняў і гнілі, але нікому не прыходзіла ў галаву палажыць кладачку хоць супраць свае хаты, каб льга было прайсці праз балота, у якім тапілася гэта вуліца. А гразь была густая, чорная, як дзёгаць, размешаная паляшуцкімі лапцямі, быдлячымі і конскімі нагамі. Але палешукі звыкліся і зжыліся з гэтай граззю і не зварачалі на яе ўвагі. Хаты былі пераважна новыя, пабудаваныя з тоўстага і гладкага лесу. У размяшчэнні гаспадарскіх будынін на двары таксама не было пэўнага парадку і сістэмы, а ўсё было навалена як папала.

Адным словам, жыхарства гэтай вёскі выяўляла сабою праўдзівых дзяцей лесу, якія як бы зусім яшчэ нядаўна асталяваліся тут і толькі што пераходзілі ад аднае формы жыцця да другой. Усе яны былі заўзятыя паляўнічыя, захопліваліся адным толькі выглядам стрэльбы і былі выдатнымі стральцамі. Сялян іншых вёсак, якія жылі больш пры палях, яны называлі палянамі і гэтым самым як бы адрознівалі іх ад сябе, жыхароў лесу. А лесу і балот тут быў непачаты край. Сама вёска стаяла на невялічкай палянцы сярод лесу і хмызнякоў, і Лабановіч усе гэтыя дні чуў сябе як бы чымся звязаным, як бы на ім была надзета цесная адзежына, бо густыя сцены пушчы адусюль націскалі на гэту вёску, насядалі з пагрозай, нібы яна намервалася на парушэнне яго законных правоў. Край палянкі прарэзваўся чыгункай. Дарога ішла каля самай вёскі, захопліваючы нават адзін канец вуліцы. Зараз жа за пераездам пачынаўся лес.