Читать «На ростанях» онлайн - страница 5

Якуб Колас

«Я памру! — падумаў малады настаўнік.— Будзе такі час, калі я стану нежывым, трупам!»

На кароткі міг ён як бы адлучыўся ад сябе самога і зірнуў на сябе збоку, як старонні, другі чалавек, і жыва ўявіў сабе той момант, калі ён будзе нерухомым трупам.

«Фу! Як гэта прыкра і непрыемна! — падумаў Лабановіч.— А горай за ўсё гэта тое, што перад смерцю мы бездапаможныя і слабыя і не маем спосабу адхіліць яе ад сябе або хоць аддаліць час яе прыходу. Ад яе не адмолішся, ад яе не адкупішся нічым. Я памру. Маладым, пажылым ці старым, але факт той, што памру, бо я, як і ўсё, што мае ў сабе пачаткі жыцця, падлягаю смерці, бо ўсё на свеце, толькі што зарадзіўшыся для жыцця, ужо мае ў сабе адзнакі і пячаць смерці. I людзі звыкліся з гэтым, і нікому нават і ў галаву не прыходзіць выказаць свой пратэст проціў смерці і весці з ёю змаганне, як бы ўжо даўно-даўно ўмовіліся прызнаць над сабою яе ўладу, лічыць гэту ўладу справядліваю і законнаю. А яна, гэта смерць, кожны дзень ходзіць вакол, кожную хвіліну нішчыць і маладзенькія і старыя формы жыцця. I мы не зварачаем на гэта ўвагі, і толькі тады яна робіць моцнае ўражанне, калі ўмірае хто блізкі або калі наваліцца мор і людзі пачынаюць уміраць агулам. Тады чалавека ахоплівае жах, і ён губляе галаву. I вось што цікава. Калі парушаюцца драбязговыя правы, то чалавек гатоў грызціся за гэта і кусацца зубамі; там жа, дзе разбіваецца сама аснова, прынцып, ён пакорна згінае сваю галаву і моўчкі падстаўляе яе пад абух».

«Цьфу! Якая гэта агіднасць! — думаў далей малады настаўнік.— Жывеш, складаеш планы, чагось шукаеш, чагось дабіваешся, спадзяешся, а прыйдзе час — і ты будзеш труп, гніль, спажытак чарвей».

Гэтыя думкі парушылі спакой Лабановіча і пакінулі пачуванне нейкага нездавалення і непрыемнасці.

Ён звярцеў папяросу, стараючыся не думаць зусім аб смерці, закурыў, каб перабіць прыкрыя думкі. Гэта яму крыху і ўдалося, бо Лабановіч быў хлопец крэпкі, моцна зросся з зямлёю і жыццём, любіў гэта жыццё, на парозе якога ён стаяў і росквіт якога для яго толькі што зачынаўся.

«Чаму я пачаў думаць пра смерць? Скуль узялася гэта думка?» — запытаў сябе Лабановіч і пачаў дашуквацца сувязі, якая павінна быць паміж думкаю аб смерці і тымі думкамі, што так ці іначай былі прычынаю яе ўзнікнення. Прыпомніўшы ўвесь ход сваіх разваг, настаўнік ніяк не мог знайсці гэтай сувязі, і гэта акалічнасць яго крыху здзівіла і зацікавіла.