Читать «На ростанях» онлайн - страница 9

Якуб Колас

Лабановіч прыпомніў размову са сваёй старожкай і, зацікаўлены, глянуў яшчэ раз на пасаду. Паслушнае і ўслужлівае ўяўленне ўжо рысавала яму вобраз дзяўчыны, гэту чыстую і прыгожую краску, узгадаваную ў глухіх палескіх барах. Лабановіч ніколі, нават у думках, не дазваляў сабе зняважыць дзяўчыну. Адно слова «дзяўчына» выклікала ў душы яго чысты і прыгожы вобраз, на які можна пазіраць і любавацца толькі здалёк. I цяпер ён прыпомніў два ці тры здарэнні ў сваім жыцці, калі гэтыя вобразы глыбока западалі ў яго сэрца, але ён і намёкамі не сказаў нікому пра гэта. А раз у дачку каморніка ўсе закаханы, то яна, без спрэчкі, ёсць верх хараства. Яшчэ не бачачы яе, настаўнік пачуваў, што яна ўжо мае над ім нейкую ўладу. Яму хацелася хоць паглядзець на яе, і праз усю астатнюю дарогу ён думаў аб дачцэ каморніка, ён ужо сустракаўся з ёю, зацікавіў яе і бадай што не ўсіх кавалераў яе засланіў сабою.

IV

Апошні раз расступіўся лес, і перад вачамі настаўніка раскрылася шырокая круглая палянка, вясёлая і прыветная. Лабановіч уздыхнуў лягчэй, як бы з яго плячэй зваліўся нейкі цяжар, бо дарога, траская і караністая, і лес усё ж такі дакучылі яму. Тым прыемней зірнулі стрэхі людскіх будынін і коміны хат, з якіх яшчэ дзе-нідзе курыўся сіняваты дымок.

Вёска была досыць вялікая, цягнулася ў адну лінію, і толькі каля цэркаўкі на ўзгорку хаты гуртаваліся гусцей і шырэй. Злева, пры канцы вёскі, стаяў дом валаснога праўлення з двума высокімі чырвонымі комінамі над пачарнелым дахам. Насупраць, на другі бок вуліцы, выглядала школа з белымі аканіцамі і двума ці трыма развіслымі вязамі каля яе. Пры дарозе ў вёску, крыху наводшыбе, маркотна тулілася старэнькая драўляная цэркаўка. Цяпер яна стаяла адзінокая, закінутая, забытая, і толькі богабаязны падарожны, праходзячы каля яе, прыпыняўся і хрысціўся, набожна схіліўшы галаву. Па адзін і па другі бок вёскі стаялі ветракі, як страшыдлы, шырока раскінуўшы свае крыллі. Адны з іх былі ў жывым руху, весела падымалі і апускалі крыллі, а другія — стаялі моўчкі, нерухліва і мелі такі выгляд, як бы яны былі крэпка чымся здзіўлены і пыталіся: «А чаму ж мы стаім без работы?»

Праехаўшы невялічкую грэбельку, калёсы пакаціліся па шырокай вуліцы. Народ расходзіўся з царквы. Старыя палешукі, сустракаючыся, пачціва кланяліся, а чародкі маладых дзяўчат-паляшучак і праворных маладзіц, убраных, як макавыя кветкі ў агародзе, падштурхвалі адна другую, пераміргваліся і кідалі смяшлівыя погляды ў бок маладога настаўніка, які першы раз з’явіўся тут.

Пад’ехаўшы да школы, Лабановіч выскачыў з драбінак і ўзышоў на ганак. Дзверы былі замкнуты. Лабановіч пастукаў. У глыбі кватэры зараз жа грукнула крэсла і пачуліся крокі. Дзверы адчыніліся.

— Выбачайце. Дома настаўнік?

— Вот я. Заходзьце, калі ласка.

Лабановіч пайшоў за гаспадаром, нязграбна ступаючы занямеўшымі нагамі.

— Дазвольце пазнаёміцца: ваш калега і сусед — Лабановіч,— назваў сябе госць.

— Саханюк, тутэйшы педагог. Будзьце ласкавы, знімайце паліто, сядайце.