Читать «На ростанях» онлайн - страница 8
Якуб Колас
Дарога ўвесь час ішла лесам. Лес зрэдку разрываўся невялічкімі палянкамі, на некаторых рунела жыта, а па краях там-сям пападаліся старадрэвіны-хвоі, што пышна разрасліся на прасторы, або развіслыя таўшчэразныя дубы, як заможныя старасвецкія гаспадары; на гэтых дубах палешукі-бортнікі рабілі цэлыя пчольнікі, зацягваючы туды па дзесятку вуллёў. Палянкі зноў змяняліся лесам, то стройным баравым, то нізкім балотным. Высокія тонкія бярозы мяшаліся з шэрымі стваламі хвоі і прыдавалі характар маркоты і засмучэння ўсяму малюнку. Лес зноў расступаўся, даючы месца бясконца вялікім балотам. Балоты цягнуліся далёка-далёка між лесу і замыкаліся лесам, ледзь чарнеючы роўнай палоскай на далёкім небасхіле. Цэлае мора высокай парыжэлай травы засталося зімаваць тут, бо сюды не зойдзе ні гавяда, ні чалавек з касой. Незлічоныя купіны, нізкарослыя хвойкі на іх, пачарнелыя карчагі даўно адмершых дзеравяк раслі і гнілі тут спрадвеку. Сярод гэтых купін бліскучымі стужкамі павіваліся часамі палоскі вады, чыстыя, гладкія, як шліфаванае шкло. Невядома, з якіх часоў стаялі над імі засохшыя адломкі старых, спарахнелых алешын, як свечкі, і маркотна глядзелі ў неба. Ад балот патыхала нейкім невыразным смуткам, ціхім жалем веяла ад аднатонных малюнкаў палескіх куткоў, дзе ўсё ж такі жыццё стварала своеасаблівыя формы і, нягледзячы на ўбоства, мела сваю павабнасць і хараство, свой твар, поўны тужлівага задумення. Але гэтыя малюнкі тамілі вочы і засмучалі сэрца, і чалавек мімаволі стараўся знайсці нешта такое, на чым можна было б адпачыць і заспакоіцца.
Пазіраючы на гэтыя балоты-пустэлі, Лабановіч часамі пачуваў у сэрцы нейкую адарванасць ад жыцця і свету, як бы гэты свет сышоўся тут клінам, і туга па тым, з чым ён разлучыўся, пачынала забіраць яго душу.
«Што пачувае, аб чым думае гэты дзядзька Сцяпан? Як адбіваюцца на ім вобразы глухога Палесся і які след пакідаюць яны ў ім?» — думаў настаўнік, і яму хацелася хоць на момант стаць тым самым палешуком, што сядзеў поруч з ім, каб зірнуць яго вачамі і зразумець увесь унутраны свет яго, яго надзеі, яго жаданні.
Балоты скончыліся; дарога пашыбавала на горку, калёсы мякка пакаціліся па жоўценькім пясочку, і лес прыняў звычайны свой выгляд. Вярсты праз дзве лес з аднаго боку дарогі зноў разарваўся вясёлаю палянкаю, агінаючы яе прыгожымі завароткамі. На гэтай палянцы, за паўвярсты ад дарогі, раскінулася чыясь пасада, як сярэдняй рукі фальварак, з усімі прыбудоўкамі, садам і прасторным дваром.
— Чыя гэта пасада? Хто жыве тут? — запытаў настаўнік.
— Гэта? А тут пан каморнік жыве. Завітанкамі пасада называецца. Адгэтуль якраз палавіна дарогі да воласці,— адказаў Рылка.
«А, гэта і ёсць той каморнік, у чыю дачку ўсе тутэйшыя кавалеры закахаліся. Дык вось дзе жыве яна, гэта красуня!»