Читать «На ростанях» онлайн - страница 4

Якуб Колас

Што ні кажы, а жыццё, ужо само па сабе, ёсць радасць, вялікае шчасце, бясцэнны дар. Ёсць важныя дзве часціны, з якіх складаецца жыццё і яго глыбокі сэнс і хараство — чалавек і прырода. Бо ніколі не страціць для нас цікавасці чалавек, бо праяўленне яго розуму бязмежна, бо дарогі яго не вызначаны, бо формы яго жыцця і яго адносін да другіх людзей бясконца разнастайныя, канчаткова не выяўлены і ніколі не могуць стаць канчатковымі. А прырода! Колькі вялікага здавальнення дае нам яна! Бо прырода — найцікавейшая кніга, якая разгорнута прад вачамі кожнага з нас. Чытаць гэту кнігу, умець адгадаць яе мнагалучныя напісы — хіба ж гэта не ёсць шчасце? Адно толькі шкада, што наша жыццё несузмерна малое для таго, каб начытацца гэтай кнігай.

З такімі думкамі Лабановіч прыпыніўся каля акна. З двара пазірала цёмная, чорная ноч. Неба, абложанае нізкімі хмарамі, здавалася, усё цяжэй навісала над аголенай зямлёй. Непраглядны змрок і сыры туман спляліся густа-густа і як бы глынулі гэтую закінутую між балот і лесу невялічкую вёску.

— Якая цемра! — жахнуўся малады настаўнік. Яму было прыемна пачуваць, што ён цяпер у гэтым цёплым і прытульным пакоіку, дзе прыветна і так мнагазначна гарыць лямпа пад белым абажурам, дзе ўсё так ціха і спакойна і нішто не перабівае думак. I тут жа паспагадаў ён і тым падарожным, якім так ці іначай прыходзіцца ехаць або ісці ў гэты глухі час ночы па цёмных і гразкіх дарогах, праз брады і грэблі сярод лясоў і балот.

Лабановіч зноў падышоў да стала і ўзяўся за кнігу. Але думкі яго так разышліся, што ён мусіў загарнуць кнігу ды зноў стаў хадзіць па пакоіку і думаць.

Заўтра трэба будзе заказаць старасту фурманку і паехаць да воласці забраць школьныя прыналежнасці; трэба пазнаёміцца там з настаўнікам і параіцца з ім наконт розных пытанняў, звязаных са школай; трэба таксама зайсці і да бацюшкі і запрасіць яго прыехаць сюды адслужыць малебен перад адчыненнем заняткаў у школцы. Так, гэта трэба зрабіць, бо ўжо даўно час брацца за навучанне дзяцей. Праўда, яго назначылі сюды позна. Але адкладаць няма сэнсу, бо не здолее выпаўніць праграму.

Гадзіннік на сцяне рабіў сваю работу. Аднатонна і размерна гойдаўся маятнік у шкляной каморцы, як бы вельмі здаволены сваёй працай, што і пацвярджаў кароткім «так-так!», «так-так!». Перад тым, як адбіць гадзіны, гадзіннік колькі хвілін трашчаў, рыпеў, як калодзежны журавель на марозе, і пасля такой прадмовы званіў прыемным металічным звонам.

— А ўжо і позна,— зазначыў сабе Лабановіч.

Гадзіннік прабіў поўнач. Настаўнік перанёс лямпу ў другі, яшчэ меншы, пакоік, дзе стаяў яго просценькі дзервяны ложак, лёг у пасцелю і чытаў «Зорныя светы і іх насельнікі».

Шырокі малюнак недасяжных светаў раскрываўся перад вачамі маладога настаўніка ва ўсёй сваёй таемнасці і бязмежнасці. I чым больш мысль захоплівалася гэтым чароўным малюнкам і гэтымі незлічонымі светамі, раскіданымі сярод бяздонных багнаў, такіх страшных, такіх павабных,— зямля і чалавек, пагардлівы гаспадар яе, рабіліся ўсё меней і меней значнымі, нікчэмнымі. Гэта бязмежнасць зацірала зямлю, і яна гублялася ў ёй, як малюсенечкая пылінка. А якім малазначным, непрыметным з’яўляўся чалавек, яго клопат, яго штодзённыя драбніцы жыцця! Новыя думкі і настроі ахінулі маладога настаўніка. Але гэтыя думкі ў момант разляцеліся, як вераб’і, калі ў іх вясёлы гурток паляціць каменьчык, кінуты рукою якога-небудзь падшывальца-жэўжыка; страшны і непрыемны вобраз смерці бліснуў сярод гэтых думак маладога настаўніка і разагнаў іх. На адзін момант жыццё ў ім як бы спынілася. Па яго целе прабегла дрыготка, бо гэты вобраз смерці вынік зусім неспадзявана.