Читать «На ростанях» онлайн - страница 3

Якуб Колас

— Дык ты, бабка, не ведаеш, чаго мы на свеце жывем?

— Не, панічок, не ведаю! Каб вы запыталіся ў дрэва, чаму яно расце, дык хіба ж бы яно вам адказала? Так і я не магу адказаць вам. Жывем, покі жывецца, бо жывы ў зямлю не палезеш, а прыйдзе смерць, тады пахаваюць.

— Так, бабка: ты кажаш праўду. Не ведаем мы, чаго на свеце жывем.

— А навошта, панічыку, і ведаць? Жыве чалавек і жыве, пакуль Бог яму прызначае. А прыйдзе час яму памерці — памрэ.

— А дрэнна, бабка, што трэба ўміраць!

— Што вы, панічыку, усё пра смерць гаворыце! Дзіўны вы, панічок, далібог! Вось той паніч, што быў перад вамі, бывала, пойдзе куды: ці да пана падлоўчага, або да Курульчука на будку. Там паненка была, ой, прыгожая паненка! Яе цяпер дома няма, а вось прыедзе, дык пабачыце самі!

— А хіба ж тут паненкі ёсць? — зацікавіўся Лабановіч.

— О, панічыку, чаму ж няма!

Бабка пачала пералічаць і расхвальваць паненак. Перш-наперш у валаснога пісара іх цэлых чатыры. Праўда, воласць адгэтуль за пятнаццаць вёрст. Але ёсць паненкі і бліжэй: за сем вёрст дачка каморніка. Усе панічы ў гэтай акрузе закаханыя ў яе. Ёсць яшчэ паненка на хутары за тры вярсты.

— Навошта вам лепей, панічок: у пана падлоўчага дочкі ёсць. Адна яшчэ зусім маладзенькая, а другая старэйшая. Яна пыталася ўжо: «Ну, як твой, бабка, паніч?»

— А ты што ёй сказала?

— Ой, кажу, паніч! Харошы паніч!

— А хіба ж я харошы?

— А чаму ж не харошы!

— Ну, а хто з паненак самая лепшая?

— Усе харошыя. Як для мяне, дык усе харошыя.

— Ці не думаеш, бабка, ты жаніць мяне?

— Самі, панічок, жэніцеся... А да пана падлоўчага вам трэба зайсці. Бывала, той паніч,— як вечар, дык там. А вы ўсё сядзіце над гэтымі кнігамі. А яны сушаць чалавека.

— А ты, бабка, пашапчы, каб я ад іх адвярнуўся.

Старая колькі хвілін пазірала на настаўніка, а потым засмяялася доўгім-доўгім смехам.

— От, паніч, вы ўсё шуткуеце!

Бабка ўстала, пазяхнула і зірнула ў акно. А там ляжала цёмная-цёмная лістападаўская ноч.

— Толькі ў пана падлоўчага яшчэ вокны свецяцца,— зазначыла бабка.

— Пасядзі яшчэ трохі.

— Не, панічок, позна.

I бабка паволі павярнулася ў сваю кухню на печ.

ІІ

Старожка ўжо злёгку пахрапвала ў кухні на печы, а Лабановіч усё яшчэ не лажыўся. На стале гарэла лямпа пад светлым абажурам і ляжала разгорнутая кніга, якую чытаў настаўнік. На гэты раз чытанне штось не ладзілася, і Лабановіч часта адрываўся ад кнігі, пахаджаў па пакоі і думаў. Новае месца, новыя людзі і тая работа ў школе, якую трэба было распачынаць на гэтых днях і да якой ён так доўга гатаваўся,— усё гэта займала яго думкі, і яму было лёгка і добра, бо так многа новага і цікавага спадзяваўся ён спаткаць на першай сваёй дарозе незалежнай грамадскай працы.

Яму па душы быў і гэты глухі куток Палесся, аб якім яшчэ дома так многа цікавага наслухаўся ад аднаго старога аб’ездчыка, і гэты народ з яго асаблівай моваю і звычаямі, так не падобнымі да мовы і звычаяў тых беларусаў, з гушчы якіх выйшаў Лабановіч; гэты некрануты край старажытнасці, якая на кожным кроку кідалася яму ў вочы і затрымлівала на сабе ўвагу, і гэты выгляд самой мясцовасці, агульнага тону якой не мог яшчэ ўлавіць Лабановіч, але ў якой таксама было многа цікавага і, на яго погляд, павабнага.