Читать «На ростанях» онлайн - страница 2

Якуб Колас

Лабановіч — так звалі маладога настаўніка — слухаў апавяданне з вялікай цікавасцю. Спярша яму было крыху смешна, але, па меры таго як сама апавядальніца ўсё больш і больш захоплівалася таемнасцю здарэння, Лабановіча зацікавіла іншае, а іменна — непасрэдная і цвёрдая вера людзей у існаванне ўсяго гэтага цёмнага спляцення нядобрай сілы. Мільёны і болей гадоў жыве гэта вера, пачаткі яе загублены ў цёмным віры прошласці, і да гэтага часу людскі розум не патрапіў вызваліцца з аблады гэтага чмучэння...

«Цікава!.. Трэба будзе калі падумаць над гэтым»,— зазначыў сам сабе настаўнік. Але, як відаць, была ў яго яшчэ і іншая думка, і ён, нечакана для сябе самога, спытаўся:

— Бабка! А твой Міхалка мог бы і памерці праз гэта?

— Гэ, панічыку мілы! Чуць-чуць не памёр! Насілу, насілу адхаялі!

— I падумаць толькі: праз якое глупства можа памерці чалавек! — прамовіў малады настаўнік, хутчэй да сябе самога, і задумаўся.

Галава яго крыху схілілася набок, цёмныя вочы, у якіх часта адбівалася нейкая затоеная думка, пазіралі, не міргаючы, у кут пакоіка, але нічога не бачылі, яны як бы пазіралі на тую думку, якая цяпер заварушылася ў яго галаве.

Старая бабка звярнула на гэта ўвагу і з нейкім страхам і цікавасцю пазірала на свайго «паніча».

— А што вы, панічыку, так задумаліся?

Лабановіч ускінуў на яе вочы і засмяяўся.

— А ведаеш, бабка, хочаш, я скажу табе, што ты цяпер думаеш?

Бабка здзівілася яшчэ болей, а настаўнік, не чакаючы яе адказу, прамовіў:

— Ты, бабка, пазірала на мяне і думала: «Калі гэты паніч яшчэ не з’ехаў з глузду, то з’едзе».

Старожка пазірала яму ў вочы, моцна здзіўленая, а Лабановіч, прыдаўшы важны выраз твару, сказаў:

— Ты, бабка, не думай таго: не адна ты знахарка. Я, можа, яшчэ выдатнейшы знахар за цябе.

— А што ж, панічыку, усё можа быць,— як бы з нейкай пакрыўджанасцю адказала бабка.

— Ты плюнь, бабка, на гэта, бо ўсё гэта — глупства, а лепш вось што: скажы ты мне, бабка, чаго мы на свеце жывём?

Бабка не ведала, які тон ёй узяць, каб не памыліцца, і сказала:

— Гэ, панічок: што вы так усё пытаецеся?.. Гляджу я на вас і дзіўлюся: сядзіць сабе, як той манашак, і ўсё ў гэтыя кніжкі пазірае. Паглядзелі б трохі, і годзе. А то калі ні прыйдзеш, вы ўсё ў кнігі глядзіце. Хіба можна так пільна і доўга пазіраць у іх? — І, памаўчаўшы, дадала: — Сушаць яны, і болей нічога.