Читать «На ростанях» онлайн - страница 15
Якуб Колас
Лабановіч ніяк не спадзяваўся, каб а. Кірыл мог да такой меры не любіць мужыка, і наогул, каб у такім маленькім папку магло змяшчацца столькі нянавісці.
— Вы папрабуйце купіць у мужыка кусок хлеба ці шклянку малака. Што, ён прадасць вам? Ніколі. Гандляру прадасць, вам — ні за якія грошы!
Лабановіч нецярпліва чакаў, калі скончыць выліваць сваю злосць а. Кірыл, каб заступіцца за мужыка. Лабановіч быў пакрыўджан, як мужыцкі сын. Ці даўно яму самому, калі вучыўся ён у семінарыі, крычалі мешчанчукі: «Лямец, лямец! На якой бярозе ты лапці павесіў?»
— Розгамі яго трэба сеч! — скончыў а. Кірыл і гнеўна бліснуў вачамі.
— Я не магу згадзіцца з тым, што сказалі вы, а. Кірыл. Нават і тады, калі гэта ўсё было б праўда,— пачаў Лабановіч,— і тады нельга судзіць так мужыка. Вы кажаце — мужык скарэй прадасць гандляру, чым пану, бо пад паняцце «пан» у мужыка часта падыходзіць кожны, хто носіць цэшку або чорнае паліто. Гандляра ён ведае, з гандляром ён жыве; часам і лае яго і ў морду яму плюе. На мужыка прывыклі пазіраць, як на пчалу або на нейкую машыну, якая павінна ўсё вырабляць, усім даваць і яшчэ пры гэтым казаць і кланяцца: «Дзякую, што бераце». I ўсе так ці іначай бяруць ад мужыка: бяруць сілаю, бяруць хітрыкамі, бяруць ашуканствам. А мужыку многа далі? Паважаюць мужыка? Хто вінават, што мужык неачэсаны, што мужык цёмны і жыве па-свінску? У Святым Пісанні напісана: «Якою мераю мерыце вы, такою адмерыцца і вам».
Айцец Кірыл слухаў, апусціўшы вочы, і стукаў пальцамі па стале.
— Вы яшчэ мала ведаеце мужыка,— спакойна адказаў а. Кірыл,— што б вы мне ні казалі, я буду цвярдзіць сваё: мала білі мужыка!
— Вы зусім не тое гаворыце, што думаеце. Проста вы за нешта ўгневаліся на мужыка,— сказаў Лабановіч, смеючыся.
Саханюк маўчаў.
— А вы ведаеце,— прамовіў урэшце ён, — нашых тутэйшых сялян ніхто нідзе начаваць не пускае.
— Хто не пускае?
— Другія мужыкі.
— Ды што ж? Не спрачаюся, вашы мужыкі могуць быць і дрэннымі, але з гэтага не следуе, што і ўсе мужыкі нікуды нягодныя. Тая ж самая паншчына, аб якой шкадуе а. Кірыл, псавала іх, бо, як пацвярджаюць факты, былі такія паны, што гналі сваіх мужыкоў і падбівалі іх на кражу ў сваіх суседзяў-паноў.
На гэтым месцы гутаркі ўвайшла матушка. На яе твары была прыветная ўсмешка. Паздароўкалася, села і, звярнуўшыся да Лабановіча, запытала:
— Былі ў пісара?.. Ну, як вы знаходзіце пісаранак?
— Прызнацца, я і не разгледзеў іх, бо мы вельмі мала былі там.
— А праўда, Саша — харошанькая?
Айцец Кірыл паморшчыўся і махнуў рукою.
Лабановіч адказаў:
— Нічога сабе дзяўчына.
— Вось бачыце, шкада толькі, што вы ад нас далёка, а то б зачасцілі за Алеськаю?
— А хіба тут няма каму гэтай справай заняцца? Вось мой калега, напрыклад?